Пошук

Пантыфік: просьба аб прабачэнні аднаўляе братэрскую еднасць

Папа прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі Направіць непапраўнае, прысвечанай 350-годдзю аб’яўленняў Езуса ў Парэ-ле-Маньялі, якія прывялі да адраджэння ў Касцёле культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што паняцце направы ў Старым Запавеце мае сацыяльнае вымярэнне кампенсацыі за прычыненае зло і адносіцца да сферы справядлівасці. У Новым Запавеце яно становіцца “духоўным працэсам у кантэксце адкуплення, здзейсненага Хрыстом, і цалкам праяўляецца ў Яго смерці на крыжы”.

Францішак заўважыў, што “направа садзейнічае прымірэнню паміж людзьмі і прымірэнню з Богам, бо зло супраць чалавека – гэта таксама абраза Бога”: пра гэта выразна сведчыць кніга Мудрасці Сіраха, дзе гаворыцца пра тое, што слёзы ўдавы цякуць па шчоках Пана. “Колькі слёз яшчэ цячэ па шчоках Бога сёння, калі чалавечая годнасць таксама часта абражаецца ў нашым свеце, нават пасярод Божага народа?”, - спытаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што поўная направа часам немагчыма, напрыклад, калі рэчы або людзі “канчаткова згублены” або калі сітуацыі становяцца незваротнымі. У такім кантэксце важным для працэсу прымірэння і вяртання сардэчнага спакою з’яўляецца “намер направіць і канкрэтнае дзеянне” ў гэтым напрамку. Направа крыўды для хрысціян, паводле Папы, прадугледжвае прызнанне ўласнай віны і просьбу аб прабачэнні, што адкрывае шлях для дыялогу і аднаўлення братэрскай еднасці.

“Езус прасіў святую Маргарыту Мары здзяйсняць учынкі выпраўлення шкоды, нанесенай чалавечымі грахамі. Калі гэтыя дзеянні суцяшалі Яго Сэрца, значыць, направа можа даць суцяшэнне кожнаму параненаму чалавеку”, - сцвердзіў Францішак, выказваючы пажаданне, каб канферэнцыя паспрыяла паглыбленню ўсведамлення важнасці практыкі направы крыўд Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, якая сёння крыху забыта або лічыцца састарэлай.
 

04 мая 2024, 15:38