Удзельнікі Сінода па дарозе на асамблею Удзельнікі Сінода па дарозе на асамблею  (Vatican Media)

Аўстрыйскі кардынал: Еўропа – больш не цэнтр Касцёла

“Еўропа больш не з’яўляецца цэнтрам Паўсюднага Касцёла, што стала новым урокам для нас, еўрапейцаў”, - так кардынал Крыстаф Шонбарн ахарактарызаваў бягучы стан пасяджэння Сінода.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

4 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане распачалася XVI-ая Звычайная генеральная асамблея Сінода Біскупаў, якая будзе доўжыцца да 29 кастрычніка.

У відэа, апублікаваным на платформе X, іерарх патлумачыў, што, напрыклад, адна траціна ўдзельнікаў з правам голасу – з Еўропы, чвэрць – паўночна- і паўднёваамерыканцы, у той час як афрыканцы і азіяты складаюць прыкладна адну пятую частку, пяць працэнтаў удзельнікаў з правам голасу родам з Акіяніі.

Па словах кардынала Шонбарна, у параўнанні з 1985 годам – калі ён упершыню ўдзельнічаў у Сінодзе Біскупаў – шмат што змянілася. “Паўднёвае паўшар'е – Афрыка, Азія і Лацінская Амерыка, сёння мае сур’ёзную прысутнасць. Гэта таксама змяняе змест і клімат Сінода”, - заўважыў арцыбіскуп Вены. “Касцёл сапраўды паўсюдны, і гэта цікава”, - рэзюмаваў свае словы іерарх.

Удзельнікамі Сінода з’яўляюцца больш за 400 біскупаў, святароў, свецкіх вернікаў, тэолагаў і манахаў, дэлегаваных мясцовымі Касцёламі і прызначаных Папам – 365 з іх маюць афіцыйнае права голасу.
Кардынал Шонбарн прысутнічаў на другой пазачарговай Асамблеі Сінода Біскупаў у 1985 годзе (25 лістапада - 8 снежня) у якасці члена Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Менавіта тады ён атрымаў місію падрыхтаваць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які быў упершыню апублікаваны ў 1992 годзе.

Акрамя арцыбіскупа Венскага, удзельнікам Сінода Біскупаў з Аўстрыі з’яўляецца старшыня Канферэнцыі Біскупаў гэтай краіны, арцыбіскуп Франц Лакнер.
 

17 кастрычніка 2023, 08:51