Апублікаваны афіцыйны спіс удзельнікаў Сінода па сінадальнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Спіс пачынаецца з Папы Францішка, як старшыні Асамблеі, за якім ідзе генеральны сакратар Сінода, кардынал Марыё Грэк. Далей пералічваюцца дзевяць дэлегаваных старшынь, якія па чарзе ад імя Святога Айца будуць старшынстваваць падчас пасяджэнняў. Тут два кардыналы, сярод якіх адзін усходні патрыярх, тры арцыбіскупы, два біскупы, святар, манахіня і свецкая верніца.
Галоўны рэлятар (дакладчык) – арцыбіскуп Люксембурга, кардынал Жан-Клод Олерыш, спецыяльныя сакратары – ксёндз Джакама Коста і кіраўнік Італьянскага тэалагічнага таварыства, ксёндз Рыкарда Батокіа. У рамках Сінода таксама будзе працаваць Камісія па камунікацыі, якую ўзначаліць прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.
Ніжэй прыведзены спіс Айцоў Сінода, якія прадстаўляюць Сіноды і Рады Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і Канферэнцыі Біскупаў. Каталіцкі епіскапат Беларусі скіраваў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага.
Акрамя таго, у спісе ўдзельнікаў ёсць прадстаўнікі рэгіянальных біскупскіх аб’яднанняў, у прыватнасці, Раду Біскупскіх Канферэнцый Еўропы будзе прадстаўляць яе старшыня, арцыбіскуп Гінтарас Грушас.
Далей называюцца асобы, дэлегаваныя аб’яднаннямі вышэйшых абатаў і настаяцеляў манаскіх ордэнаў і кангрэгацый, кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі, а таксама тыя, каго асабіста прызначыў Папа.
Спіс завяршаецца іерархамі, якія ўваходзяць у склад Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сінода.
Акрамя таго, называюцца імёны спецыяльных гасцей, духоўных асістэнтаў, экспертаў і фасілітатараў.