Сінод – гэта не спроба дэмакратызацыі Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Генеральны сакратар Міжнароднай тэалагічнай камісіі паўтарыў думку Святога Айца, што мы маем справу не з парламентам або апытаннем грамадскай думкі, але падзеяй ласкі і працэсам аздараўлення, якім кіруе Дух Святы. “Тут гаворка ідзе не пра дэмакратызацыю Касцёла або яго прыхарошванне, але пра глыбокую ідэнтычнасць”, - адзначыў ён.
“Ёсць рызыка не зразумець Сінода. Нам пагражае меркаванне, што менавіта дэмакратызацыя, дзе вырашальнай з’яўляецца гульня большасці і меншасці, дазволіць сінадальнасці развіцца ў жыцці Касцёла. Але гэта не так. Касцёл застаецца падзеяй Духа Святога, і таму сапраўдным героем Сіноду з’яўляецца менавіта Ён, Які, як часта паўтарае Францішак, гарманізуе адрозненні, прымірае іх і вядзе да адзінства, якім з’яўляецца сам Хрыстус, жывы і прысутны ў сваім Касцёле. Такім чынам, рэалізацыя сінадальнай працэдуры азначае прывядзенне ў дзеянне таго, чым ёсць Касцёл: Божы народ на шляху, сімфонія разнастайнасці, якая, тым не менш, сыходзіцца ў адзінстве, каб служыць свету”, - адзначыў італьянскі тэолаг.
Кс. Кода нагадаў просьбу Францішка аб узмацненні на працягу ўсяго сінадальнага працэсу малітвы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. “Папа нагадвае нам, што жыць у Хрысце азначае перш за ўсё адкрыць сваё сэрца і розум да голасу Духа Святога, сузіраць аблічча Езуса, Які адкрывае нас на вялікую таямніцу любові Айца. Мы павінны быць адкрытымі, удзячнымі і ўсведамляць, што ўсё атрыманае намі паходзіць ад Божай любові, а следствам гэтага з’яўляецца дзяленне Яго любоўю з іншымі. Гэта корань касцёльнага жыцця і сінадальнага працэсу”, - падкрэсліў тэолаг.
Святар перакананы, што цяперашні Сінод па сінадальнасці – пасля Другога Ватыканскага Сабору – яшчэ адзін гістарычны крок у жыцці Касцёла. “Сёння мы можам зрабіць так, каб удзел у таямніцы Хрыста, у якую мы былі ўключаны праз ласку хросту, ажыццявіўся ва ўсіх праявах супольнасці і місіі Касцёла. Такім чынам, сінод па сінадальнасці не азначае засяроджвання толькі на нейкай тэме, а іх шмат, але на больш глыбокай ідэнтычнасці Касцёла як супольнасці і місіі, якая становіцца канкрэтнай і гістарычна выразнай, калі яе падзяляюць усе. Касцёл становіцца такім толькі тады, калі кожны носіць яго на сваіх плячах і падзяляе ў сэрцы, у служэнні братам і сёстрам, пачынаючы з апошніх, адкінутых, ад экзістэнцыяльнай і духоўнай перыферыі нашага часу”, - заўважыў кс. Кода.
Італьянскі тэолаг лічыць, што складанасцю на сінадальным шляху можа стаць прызнанне ўсімі ахрышчанымі сваёй адказнасці за Касцёл, паколькі зараз дамінуе яго пірамідальнае і іерархічнае бачанне.