Абвешчана дата прэзентацыі падрыхтоўчага дакумента Сінода
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дакументы, распрацаваныя Генеральным сакратарыятам Сінода Біскупаў, паслужаць ажыццяўленню першай фазы сінадальнага шляху. У іх прэзентацыі возьмуць удзел: кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў; с. Наталі Бэкар і а. Луіс Марын дэ Сан-Марцін, падсакратары Сінода Біскупаў; прафесар Мірыям Віленс, дацэнт кананічнага права Эрфурцкага ўніверсітэта, і кс. Дарыё Віталі, прафесар тэалагічнага факультэта Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, дарадчык Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў.
XVI Звычайная Асамблея Сінода Біскупаў будзе ўрачыста адкрыта ў Ватыкане 9-10 кастрычніка 2021 г. у прысутнасці Святога Айца. 17 кастрычніка распачнецца дыяцэзіяльны этап форума, які пройдзе на ўзроўні лакальных Касцёлаў. З верасня 2022 г. па сакавік 2023 г. будзе адбывацца кантынентальны этап сінадальнага шляху, а ў кастрычніку 2023 г. – паўсюдны этап, які пройдзе ў Ватыкане згодна з правіламі, якія былі ўстаноўлены Францішкам у Апостальскай канстытуцыі Episcopalis Communio.