Кардынал Піцабала: паміж мірам і прабачэннем існуе цесная сувязь
Ян Глінскі
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, які ў Папскім Латэранскім універсітэце прачытаў lectio magistralis на тэму Постаці і крытэрыі душпастырства міру, падкрэсліў, што “пад увагу павінны быць узятыя калектыўныя раны, боль кожнага з нас”. На яго думку, ачышчэнне памяці мае фундаментальнае значэнне: “Пакуль мы не прачытаем нанова нашы гістарычныя адносіны, раны мінулага будуць заставацца цяжарам, які трэба несці на плячах, і крытэрыем прачытання ўзаемаадносін”. У гэтым кантэксце кардынал Піцабала заўважыў, што “ўсе папярэднія мірныя пагадненні на Святой Зямлі насамрэч праваліліся, таму што часта гэта былі тэарэтычныя пагадненні”.
Патрыярх Іерусаліма нагадаў, што аўтэнтычны міжрэлігійны дыялог стварае “ментальнасць міру”. Іерарх з жалем адзначыў, што “ўжо ніколі не будзе так як было раней, прынамсі паміж хрысціянамі, мусульманамі і яўрэямі”. “Яўрэйскі свет не адчуваў падтрымкі з боку хрысціян і выразна гэта выказаў. Хрысціяне, у сваю чаргу, як заўсёды раз’яднаныя ва ўсім і няздольныя гаварыць у адзін голас, або падзяліліся ў падтрымцы таго ці іншага боку, або былі няўпэўненыя і разгубленыя. Мусульмане ж адчуваюць сябе атакаванымі, іх лічаць саўдзельнікамі масавых забойстваў, учыненых 7 кастрычніка... Карацей кажучы, пасля многіх гадоў міжрэлігійнага дыялогу аказалася, што мы не разумеем адзін аднаго. Асабіста для мяне гэта вялікі сум, але і вялікі ўрок”, - сцвердзіў кардынал.
Як дадаў іерарх, ніводная ідэалогія не ў стане аб’яднаць прабачэнне, праўду і справядлівасць – на гэта здольная толькі любоў.
Святая Зямля сцякае крывёю, яна з пакорай просіць аб міры. “Тое, што адбываецца на Святой Зямлі, – беспрэцэдэнтная трагедыя”, - падкрэсліў Патрыярх, звярнуўшы ўвагу на сур’ёзнасць ваенна-палітычнага кантэксту, а таксама на пагаршэнне рэлігійнага і сацыяльнага кантэкстаў.
“Тэрмін “мір” сёння здаецца далёкім, утапічным словам, пазбаўленым зместу”, - адзначыў кардынал Піцабала і нагадаў, што на іўрыце і арабскай мове ён азначае “паўнату жыцця”, “інтэгральны падыход”, а значыць гэта “рэальнасць, якая паходзіць ад Бога і ад адносін з Ім”.
“Для сапраўднага і трывалага міру спатрэбіцца шмат часу”, - заключыў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.