Пошук

Ксёндз Томас Шварц, кіруючы дырэктар Renovabis Ксёндз Томас Шварц, кіруючы дырэктар Renovabis  

У Renovabis заклікаюць прымаць у ЕС краіны Усходняй Еўропы

Кіруючы дырэктар Renovabis – фонду нямецкага епіскапату па дапамозе Касцёлу ва Усходняй Еўропе – выступіў за тое, каб большай колькасці краін Усходняй Еўропы даць магчымасць уступіць у Еўрапейскі саюз.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Еўрапейская інтэграцыя будзе завершаная толькі тады, калі ўсе еўрапейскія краіны, якія гэтага хочуць, атрымаюць сваё месца ў ЕС, - адзначыў ксёндз Томас Шварц 29 красавіка 2024 года ў Фрайзінгу. Толькі гэта дае Еўропе шанец адказаць на сучасныя пагрозы міру, свабодзе і дэмакратыі і супрацьстаяць сацыяльна-экалагічным выклікам.

Румынія і Балгарыя былі прыняты ў 2007 годзе, затым Харватыя ў 2013 годзе. Цяпер надышоў час для чарговага раунда пашырэння, лічыць кіраўнік дабрачыннай арганізацыі, якая цесна супрацоўнічае з краінамі Усходняй Еўропы. “Народы Украіны, Малдовы, Заходніх Балкан і Паўднёвага Каўказа ўскладаюць вялікія надзеі на Еўрапейскі саюз. Мы не павінны іх расчараваць”, - адзначыў ён.

Са слоў Ксяндза Шварца, з шматлікіх сустрэч з людзьмі ў краінах-партнёрах ён ведае, як моцна яны хочуць належаць да еўрапейскай сям'і народаў. Калі ім не будуць прапанаваны надзейныя перспектывы, гэтыя краіны, верагодна, сутыкнуцца з масавым адтокам насельніцтва. Тады паўстане пагроза нестабільнасці ў суседніх з ЕС дзяржавах – там ўзмоцніцца ўплыў Расіі і Кітая.

Папярэднія этапы інтэграцыі ў ЕС паказалі, што краіны, якія раней мелі варожае стаўленне, уступілі ў дыялог і прынялі розныя пункты гледжання. “У прыватнасці, Цэрквы ўнеслі важны ўклад у працу па прымірэнні і дыялогу. Іх прыхільнасць па-ранейшаму вельмі неабходная”, - перакананы нямецкі святар. Нягледзячы на тэндэнцыі да секулярызацыі ва ўсіх частках Еўропы, Шварц упэўнены, што хрысціяне тут могуць заняць цэнтральнае месца ў служэнні грамадству і кантыненту.

Кіраўнік Renovabis прызнаў, што першапачатковая еўраэйфарыя 1990-х магла мець і наіўныя аспекты. “Тыя з нас, хто вырас на Захадзе, занадта мала ведаюць пра тое, што азначалі фундаментальныя ўзрушэнні, якія рушылі за падзеннем камунізму, для людзей у былым Усходнім блоку”, - звярнуў увагу ён.

Ксёндз Шварц перасцярог ад заходняй фанабэрыстасці. “Замест таго, каб узвышацца над краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, мы павінны цаніць тое, што яны пабудавалі пасля здабыцця свабоды”, - адзначыў ён, дадаючы, што праблемы трэба вырашаць паслядоўна і на карысць людзей на аснове агульнай адказнасці.

Renovabis з 1993 года падтрымала больш за 26 тысяч праектаў партнёрскіх структур і арганізацый на суму каля 870 мільёнаў еўра.
 

30 красавіка 2024, 11:51