Брытанскія біскупы б’юць трывогу: наступ гендарнай ідэалогіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Яны апублікавалі душпастырскае разважанне на тэму так званага культурнага гендару, у якім падкрэслілі навучанне Касцёла і адзначылі, што суправаджэнне людзей, якія змагаюцца з гендарнай дысфарыяй, з’яўляецца “складаным, але неабходным душпастырскім заданнем”.
У дакуменце гаворыцца, што Касцёл прымае ў сваё ўлонне ўсіх, і сексуальная ідэнтычнасць чалавека не з’яўляецца “чыста культурнай ці сацыяльнай канструкцыяй”. У ім абвяргаецца ідэя гендарнай ідэалогіі аб тым, што кожны чалавек мае ўнутраную гендарную ідэнтычнасць, якая часам не супадае з біялагічным полам чалавека.
Біскупы прызналі, што некаторыя дзеці і маладыя людзі адчуваюць гендарную неканформнасць/дысфарыю. Душпастырства ў такіх выпадках павінна зыходзіць з прыняцця і прызнання цела як стварэння, з павагі да бацькоў як асноўных выхавацеляў і з прытрымлівання найлепшых практык у галіне абароны. Вялікабрытанскія іерархі падкрэслілі, што медыцынскае ўмяшанне ў выпадку дзяцей заахвочвацца не павінна.