Святы Айцец благаславіў звон для Казахстана
Марыя Валодзіна - Vatican News
Звяртаючыся да польскіх пілігрымаў, Папа пажадаў, каб "Святы Дух заўсёды ўзносіў нас на больш высокі ўзровень бескарыслівай і практычнай любові да бедных, хворых і ўразлівых, такіх як ненароджаныя дзеці”.
Пантыфік звярнуў увагу на звон, які знаходзіўся на ватыканскай плошчы. Ён быў прывезены з Польшчы і мае назву Голас ненароджаных. У Казахстане, куды яго даставяць пасля благаслаўлення, звон "будзе служыць напамінам пра важнасць абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці", - сказаў Папа.
Як адзначыў у інтэрв'ю ватыканскім СМІ мітрапаліт Астаны, арцыбіскуп Томаш Пета, "благаслаўленне прайшло ў вельмі сямейнай, прыватнай атмасферы. Святы Айцец быў вельмі рады. Ён першым разам з дзецьмі ўдарыў у звон. Гэта была вялікая падзея, таму што пытанне абароны жыцця да натуральнай смерці з'яўляецца глабальнай праблемай. У Фондзе Так жыццю лічыць, што такія званы павінны быць у кожнай краіне, каб нагадваць пра святасць жыцця".
Старшыня Фонду Так жыццю Багдан Раманюк нагадаў словы Францішка з нагоды асвячэння ў 2020 годзе першага звону для Польшчы. Тады Святы Айцец падкрэсліў, што гэты звон павінен абудзіць сумленне заканадаўцаў і людзей добрай волі ў дачыненні да абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.
Першы звон Голас ненароджаных быў адліты ў 2020 годзе ў Польшчы па ініцыятыве Фонду Так жыццю. На звоне выгравіравана пятая запаведзь Не забівай і словы благаслаўлёнага Ежы Папялушкі: "Жыццё дзіцяці пачынаецца пад сэрцам маці". Першым у звон ударыў Францішак 23 верасня 2020 года падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У 2022 годзе вылілі званы для Украіны і Эквадора, у 2023 – для Замбіі, у 2024 – для Казахстана.