Пошук

Regina Caeli са Святым Айцом: паглыбляць сяброўства з Езусам

Сапраўдны сябар, такі як Езус, не пакідае цябе, нават калі памыляешся: папраўляе, магчыма папракае, але прабачае і не пакідае, - запэўніў Папа перад малітвай Regina Caeli, якая прайшла 5 мая 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Евангелле сёння распавядае нам пра Езуса, які кажа апосталам: “Я ўжо не называю вас слугамі, але сябрамі” (пар. Ян 15,15) Што значыць гэта?”, - прапанаваў паразважаць Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што ў Бібліі “слугі” Бога – гэта асаблівыя людзі, якім Ён давярае важныя місіі, такія як Майсей, кароль Давід, прарок Ілля ці Панна Марыя. “Гэта людзі, у рукі якіх Бог давярае свае скарбы”, аднак, паводле Езуса, быць слугой недастаткова для адносін з Ім: больш важным з’яўляецца сяброўства з Ім, сувязь, якая выходзіць за рамкі матэрыяльных багаццяў і зямных праектаў, зазначыў Пантыфік.

“Яшчэ ў дзяцінстве мы даведаемся, які гэта цудоўны вопыт: мы дорым сябрам свае цацкі і самыя прыгожыя падарункі; затым, пасталеўшы, у падлеткавым узросце, давяраем ім свае першыя сакрэты; у юнацтве мы дорым ім вернасць; у дарослым узросце – дзелімся з імі радасцямі і клопатамі; а ў старасці – успамінамі, развагамі і цішынёй доўгіх дзён”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў згадаць пра сваіх сяброў і падзякаваць за іх Богу.

Святы Айцец адзначыў, што сяброўства – гэта не плён разлікаў ці прымусу: яно нараджаецца спантанна, калі распазнаем у іншым нешта сваё. І калі гэта сяброўства сапраўднае, яно не слабее нават перад абліччам здрады, што паказваюць адносіны Езуса да Юды. “Сапраўдны сябра не пакідае цябе, нават калі памыляешся: папраўляе цябе, магчыма папракае цябе, але прабачае і не пакідае”, - падкрэсліў Францішак.

“У сённяшнім Евангеллі Езус кажа нам, што для Яго мы з’яўляемся менавіта сябрамі: дарагімі людзьмі па-за ўсякімі заслугамі і чаканнямі, якім Ён працягвае сваю руку і прапануе сваю любоў, сваю ласку, сваё Слова; з якімі дзеліцца самым дарагім, усім, што пачуў ад Айца. Мы з’яўляемся для Яго сябрамі да такой ступені, што Ён дзеля нас становіцца ўразлівым, каб аддаць сябе ў нашы рукі без абароны і прэтэнзій, таму што любіць нас, хоча нашага дабра і хоча, каб мы ўдзельнічалі ў Ягоным”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў спытацца ў сябе: “Якое аблічча мае Пан для мяне – аблічча сябра ці чужога? Ці адчуваю, што Ён любіць мяне як дарагую асобу? Якое аблічча Езуса сведчу іншым, асабліва тым, хто памыляецца і мае патрэбу ў прабачэнні?” “Няхай Марыя дапаможа нам узрастаць у сяброўстве з Яе Сынам і пашыраць яго вакол нас”, - заахвоціў напрыканцы нядзельнага разважання Святы Айцец.
 

05 мая 2024, 12:11

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >