Святы Айцец прызначыў біскупа для былых англікан
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Уолер быў святаром Англіканскай Царквы з 1992 года. Ён служыў шпітальным капеланам, уваходзіў у дыяцэзіяльны Сінод. У 2000 годзе стаў пробашчам англіканскай парафіі Святога Збавіцеля ў Уолтэмстаў, ва ўсходнім Лондане.
Пасля публікацыі Апостальскай канстытуцыі Anglicanorum coetibus у 2009 годзе Уолер вырашыў стаць на шлях еднасці з Каталіцкім Касцёлам. Ён прыняў святарскае пасвячэнне ў Каталіцкім Касцёле ў 2011 годзе, пасля чаго займаў пасады адміністратара парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Ілфардзе і пробашча парафіі Хрыста Валадара ў Чынгфардзе. У Ардынарыяце ён таксама выконваў абавязкі старшыні Кіраўнічай рады, дэкана для Паўднёва-Усходняй Англіі і генеральнага вікарыя.
У лістападзе 2009 года Бэнэдыкт XVI выдаў дакумент пад назвай Anglicanorum coetibus, што дало магчымасць англіканам пераходзіць у Каталіцкі Касцёл, захоўваючы свае традыцыі і абрад. Першы Персанальны ардынарыят для былых англікан паўстаў у Вялікабрытаніі і атрымаў тытул Маці Божай Уолсінгемскай. У той час яго ўзначаліў былы англіканскі епіскап Кейт Ньютан.