Пошук

Анёл Панскі: жадаць адзін аднаму дабра

Не асуджаць іншых, а жадаць адзін аднаму дабра, заклікаў Францішак перад малітвай Анёл Панскі, якая 10 сакавіка 2024 года прайшла на ватыканскай плошчы святога Пятра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У чацвёртую нядзелю Вялікага посту Евангелле прапануе паразважаць над постаццю фарысея Нікадэма (Ян 3, 14-21), аднаго са старэйшын юдэйскіх. Ён прызнаў у Езусе Настаўніка, пасланага Богам, і прыйшоў да Яго ўначы, каб не быць заўважаным. Пан прывітаў яго, пагутарыў з ім і адкрыў яму, што прыйшоў не для таго, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго (пар. Ян 3, 17). “Давайце спынімся і паразважаем над гэтым: Езус прыйшоў не судзіць, а збавіць”, - прапанаваў Пантыфік.

Часта ў Евангеллі мы бачым, як Хрыстус раскрывае сапраўдныя намеры людзей, напрыклад, фарысеяў (пар. Мц 23, 27-32) або самаранкі (пар. Ян 4, 5-42). “Перад Езусам няма таямніц: Ён чытае ў сэрцы, у сэрцы кожнага з нас”, - заўважыў Францішак, дадаючы, што пры няправільным выкарыстанні, пазбаўленым міласэрнасці, такая здольнасць не дазволіла б збавіцца нікому, таму што “ніхто не дасканалы, мы ўсе грэшнікі, усе памыляемся”.

Але Езус прыйшоў не для таго, каб судзіць і выносіць нам прысуды, а для таго, каб вызваліць нас ад грахоў і збавіць нас, “каб ніхто з нас не быў страчаны”. Погляд Пана на нас – гэта не асляпляльны прамень маяка, а хутчэй “пяшчотнае мігаценне сяброўскай лампады, якая дапамагае нам бачыць у сабе дабро і ўсведамляць зло, навяртацца і вылечвацца пры падтрымцы Яго ласкі”, - сказаў Святы Айцец.

“Езус прыйшоў не судзіць, а збавіць свет”, - нагадаў Папа, заахвочваючы вернікаў не асуджаць іншых, а глядзець на ніх з міласэрнасцю, як глядзіць на ўсіх нас Пан.

“Няхай Марыя дапаможа нам жадаць адзін аднаму дабра”, - завяршыў сваё разважанне Пантыфік.

10 сакавіка 2024, 12:30

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >