Анёл Панскі: не адводзіць вачэй ад святла Езуса
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святы Айцец пракаментаваў евангельскі ўрывак пра Перамяненне Езуса (Мк 9, 2-10). “Абвясціўшы вучням пра сваю муку, Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў іх на высокую гару, дзе перамяніўся перад імі, раскрываючы ім сэнс таго, што адбывалася з імі да гэтага моманту. Казанні пра Валадарства Божае, дараванне грахоў, вылячэнні і знакі былі насамрэч іскрамі святла Езуса. Вучні больш ніколі не павінны адрываць вачэй ад гэтага святла, асабліва ў моманты выпрабаванняў, такіх як мука Пана”, - сказаў Францішак.
“Вось пасланне: ніколі не адводзьце вачэй ад святла Езуса. Як гэта рабілі ў мінулым сяляне: узворваючы ніву, яны факусавалі погляд перад сабой і, не адводзячы вачэй ад гэтай мэты, пракладвалі прамыя разоры. Мы, хрысціяне, таксама закліканы рабіць тое ж самае на жыццёвым шляху: заўсёды трымаць перад вачыма светлае аблічча Езуса.
“Браты і сёстры, давайце адкрыемся на святло Езуса! Ён – любоў і бясконцае жыццё. Давайце шукаць Яго аблічча, поўнае міласэрнасці, вернасці, надзеі, на пакручастых шляхах нашага існавання. У гэтым нам дапамагаюць малітва, слуханне Слова, сакрамэнты”, - сказаў Пантыфік, заахвочваючы культываваць адкрыты погляд, стаць "шукальнікамі святла", шукальнікамі святла Езуса ў малітве і ў людзях.
Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці засяроджваю я позірк на Хрысце, які суправаджае мяне на маім шляху? Ці знаходжу час для цішыні, малітвы, адарацыі? Ці шукаю я маленькія промні святла Езуса, якое адлюстроўваецца ўва мне і ў кожным браце і сястры, з якімі я сустракаюся? Ці не забываю я падзякаваць Пану за гэта?
“Марыя, якая ззяеш святлом Божым, дапамажы нам не адводзіць вачэй ад Езуса і глядзець адзін на аднаго з даверлівасцю і любоўю”, - заклікаў Святы Айцец.