Святы Айцец: Касцёл павінен быць школай братэрства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак нагадаў рымскім католікам, што хутка распачнецца дыяцэзіяльная фаза Сінода Біскупаў аб сінадальнасці. У сувязі з гэтым ён заўважыў, што тэма сінадальнасці не з’яўляецца “ні раздзелам з трактату па эклезіялогіі”, ні “модай, ні слоганам ці новым тэрмінам, які трэба выкарыстоўваць або інструменталізаваць падчас нашых сустрэч”. Сінадальнасць выражае безальтэрнатыўную прыроду Касцёла, яго форму, стыль і місію, і бачная ў самым важным “падручніку” па эклезіялогіі, якім з’яўляецца кніга Дзеяў Апосталаў.
Папа заўважыў, што слова “сінод” азначае сумесную хаду. “Прабыванне нерухомымі не можа быць добрым станам для Касцёла”, а рух – гэта “наступства паслухмянасці Святому Духу” – “рэжысёру” гісторыі, “у якой усе з’яўляюцца неўтаймаванымі дзеючымі асобамі, ніколі спыненымі”.
Пантыфік заклікаў да адкрытасці на дзейнасць Святога Духа, нагадваючы як Ён падштурхоўваў святых Пятра і Паўла, пазнаваць “геаграфію боскага збаўлення”, “расчыняючы дзверы і вокны, разбураючы муры, разрываючы путы, адкрываючы межы”. “Для гэтага можа быць неабходным выходзіць у шлях, змяняць дарогу, пераадольваць перакананні, якія стрымліваюць нас і перашкаджаюць нам рухацца і крочыць разам”, - дадаў ён.
Спасылаючыся на гісторыю візіту св. Пятра да рымскага сотніка Карнэлія, Папа адзначыў, што “хрысціянства павінна заўсёды быць чалавечным і гуманізуючым, павінна прыміраць адметнасці і адлегласці, перамяняючы іх у блізкасць”, бо “ў імя Бога нельга дыскрымінаваць”.
На думку Святога Айца, у многіх дыскусійных пытаннях Касцёл павінен намагацца глядзець шырэй, спрабаваць наследаваць Бога, які “бачыць далёка” і “не спяшаецца”, прызнаваць свабоду дзейнасці Пана.
Францішак заклікаў пераадольваць спакусу “дзейнічаць у адзіночку”, умацоўваць паслухмянасць Духу, “молячыся і расплюшчваючы вочы на ўсё тое, што нас акружае”. Ён нагадаў словы кампазітара Густава Малера, які казаў, што “вернасць традыцыі заключаецца не ў пакланенні попелу, а ў захаванні полымя”, а таксама сцвярджэнне св. Вінцэнта Дэ Поля пра тое, што “немагчыма захаваць скарб веры не развіваючы яго”.
Папа адзначыў важнасць дыяцэзіяльнай фазы Сінода Біскупаў, бо яна дазваляе пачуць усіх ахрышчаных і пераадолець вобраз Касцёла, у якім існуе падзел паміж кіраўнікамі і падначаленымі, паміж тымі, хто вучыць і тымі, хто павінен навучыцца. Богу падабаецца змяняць ролі, - нагадаў Святы Айцец.
“Сінадальны Касцёл вяртае гарызонт з-за якога ўзыходзіць сонца Хрыста: узводзіць іерархічныя помнікі – значыць засланяць Яго. Пастыры крочаць з народам – часам наперадзе, часам у сярэдзіне, а часам і ззаду. Наперадзе – каб весці, у сярэдзіне – каб падтрымліваць і не забываць пах статку, а ззаду – бо народ мае “нюх”. Мае нюх, каб знаходзіць новыя дарогі на шляху ці каб адшукаць згублены шлях”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец заклікаў памятаць, што ў вачах Бога ўсе з’яўляюцца авечкамі са статку. “Трэба адчуваць сябе часткай адзінага народа, адрасата боскіх абяцанняў, будучы адкрытымі на будучыню, у якой кожны зможа ўдзельнічаць у свяце, падрыхтаваным Богам для ўсіх народаў”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што Касцёл з’яўляецца “настаўнікам чалавечнасці” і сёння павінен “стаць школай братэрства”.
Папа пажадаў, каб каталіцкія парафіі былі адкрыты для ўсіх, а пытанні людзей станавіліся нагодай для дыялогу з імі і сумеснага пошуку адказаў. Трэба не баяцца дыялогу, быць гатовымі да сюрпрызаў і змены “нашых памылковых напрамкаў”.
“Для Рымскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла будзе карысна, калі ён будзе ўмацоўвацца не толькі рэфармуючы структуры, даючы інструкцыі, прапануючы рэкалекцыі і канферэнцыі, ці праз дырэктывы і праграмы, але нанава адкрываючы сябе як народ, які жадае крочыць разам, паміж намі і чалавецтвам”, - зазначыў Святы Айцец.