Пошук

 Кардынал Жан-Клод Олерыш (злева) падчас Сінода па сінадальнасі Кардынал Жан-Клод Олерыш (злева) падчас Сінода па сінадальнасі  (Vatican Media)

Кардынал: сінадальнасць не толькі для лібералаў у Касцёле

Калі сінадальнасць будзе перажывацца выключна ў “вышэйшых сферах” Касцёла, гэта будзе толькі макіяж, - такую думку выказаў кардынал Жан-Клод Олерыш, генеральны рэлятар XVI Асамблеі Сінода Біскупаў.

Ян Глінскі

30 лістапада 2023 года, у трэці дзень працы пленарнага пасяджэння Рады біскупскіх канферэнцыі Еўропы (ССЕЕ), арцыбіскуп Люксембуржскі казаў пра адносіны паміж сінадальнасцю і наднацыянальнымі структурамі ў Касцёле.

“Не трэба быць прагрэсіўным, каб быць сінадальным, - адзначыў іерарх у размове з агенцтвам КАІ. - Сінадальнасць для ўсіх, а не толькі для ліберальнага крыла ў Касцёле”.

На думку кардынала Олерыша, які таксама з’яўляецца віцэ-старшынёй ССЕЕ, “у Касцёле заўсёды будуць кансерватары і лібералы”, а “Езус памёр за адных і другіх”. “Разнастайнасць – гэта нармальна, яна не павінна весці да канфліктаў”, - дадаў іерарх.

Услед за Францішкам ён нагадаў, што Касцёл мае “жывую традыцыю”, якая “развіваецца, часам таксама нечаканым чынам”. “Нельга блытаць традыцыі з XIX стагоддзя, з адвечнай Традыцыяй Касцёла. Нам не хапае ведаў і гістарычнай свядомасці, таксама ў тэалогіі. Тое, чаму нас вучылі ў семінарыі, калі мы былі маладымі, не абавязкова было адвечнай тэалогіяй, а адпаведнай пэўнай эпосе тэалогіяй, якую трэба развіваць, пра што піша Папа ў вельмі важным апостальскім лісце да Папскай тэалагічнай акадэміі Adtheologiam promovendam (Для развіцця тэалогіі)”, - адзначыў арцыбіскуп Люксембуржскі.

Іерарх не згодны з тым, што сінод па сінадальнасці мае значэнне толькі для касцёльнай эліты, а рэшта Божага народу ў ім не зацікаўлена. “Вялікім для сінадальнасці будзе яе перажыванне ў парафіях і малых супольнасцях. Бо, калі яна будзе перажывацца выключна ў вышэйшых сферах Касцёла, то гэта будзе толькі макіяж. На думку біскупаў, цяпер адбываецца перанос сінадальнасці да гэтай асновы Касцёла, - адзначыў кардынал Олерыш. - Гэта глыбокія змены, якія патрабуюць часу. Нам неабходна выразнае бачанне таго, чаго Бог прагне для Касцёла, а пасля ўжо – вытрывалае жаданне рэалізаваць гэта ў жыцці. Але пачаць трэба ад асновы”.
 

01 снежня 2023, 09:39