Пошук

Лагатып Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы Лагатып Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы  

Старшыні еўрапейскіх епіскапатаў сустрэнуцца на Мальце

Чарговае пленарнае пасяджэнне Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) пройдзе 27-30 лістапада 2023 года ў сталіцы Мальты Валеце. Сустрэча будзе датычыць “новых крокаў на карысць сінадальнага Касцёла ў Еўропе”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Марыё Грэк абмяркуе працу XVI Генеральнай асамблеі, першая сесія якой праходзіла ў Ватыкане 4-29 кастрычніка 2023 года, а таксама дасць рэкамендацыі для падрыхтоўкі да другой сінадальнай сесіі ў кастрычніку 2024 года.

У сваю чаргу генеральны дакладчык (рэлятар) Сінода, кардынал Жан-Клод Олерыш закране тэму адносін паміж транснацыянальнымі структурамі і сінадальнасцю для новага місійнага запалу Касцёла ў Еўропе.

Нарэшце, польскі кардынал Гжэгаж Рысь праінфармуе аб прагрэсе ў дзейнасці рабочай групы, якая займаецца абнаўленнем Экуменічнай хартыі – дакумента аб супрацоўніцтве хрысціянскіх Цэркваў у Еўропе, падпісанага ў 2001 годзе старшынямі Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK).

У цяперашні час CCEE складаецца з 39 чальцоў – 33 старшынь біскупскіх канферэнцый, асобна арцыбіскупаў Люксембурга, Манака і Кіпра (мараніцкага абраду), біскупаў Кішынёва і Мукачава (усходняга абраду) і апостальскага адміністратара Эстоніі. Разам яны прадстаўляюць 45 краін Еўропы. Старшынёй Рады з’яўляецца арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас.
 

16 лістапада 2023, 09:47