Сястра Бэкар пасля Сінода: змены могуць быць уведзены хутка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Ёсць шмат рэчаў, якія могуць быць зроблены заўтра ці ў бліжэйшы час на мясцовым узроўні. Таму ўсё, што можна рэалізаваць для ўкаранення неабходнага стылю сінадальнасці, для стварэння душпастырскіх рад, для ўключэння большай колькасці свецкіх, павінна быць зроблена на мясцовым узроўні”, - сказала манахіня ў інтэрв’ю партугальскаму агенцтву Ecclesia.
Яна падкрэсліла заклік да “большага ўдзелу жанчын у кіраўніцтве Касцёлам”, зрабіўшы сінадальнасць “спосабам быць Касцёлам сёння і ў будучыні”. “Каб заставацца вернымі абвяшчэнню Евангелля, мы павінны ўсё больш і больш станавіцца Касцёлам сінадальным, Касцёлам, у якім усе ахрышчаныя пакліканы працаваць разам як браты і сёстры ў Хрысце, быць галоўнымі героямі і служыць місіі Касцёла”, - растлумачыла Бэкар.
Яна нагадала пра заклік удзельнікаў нядаўняй (4-29 кастрычніка 2023 года) першай сесіі XVI Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў па сінадальнасці заснаваць душпастырскія рады ва ўсіх парафіях і дыяцэзіях, пашырыўшы такім чынам сферу кансультацый і ўдзелу.
На яе думку, ватыканскі сход падарыў “досвед магчымага адзінства” з улікам разнастайнасці ўдзельнікаў. “Тое, што на працягу гэтых тыдняў мы ўсе былі разам, не сварыліся, а спрабавалі выслухаць адно аднаго, зразумець пункт гледжання таго, хто не мае такой жа думкі, як мы, – гэта вельмі моцны знак”, - сказала намесніца сакратара Сінода Біскупаў, падкрэсліўшы важнасць прынятай метадалогіі “размовы ў Духу Святым”.
Яна адзначыла прысутнасць Папы Францішка, старшыні Сінода, які “большую частку часу слухаў”. Яна таксама заявіла, што сінадальная асамблея “характарызавалася здольнасцю слухаць і шырокай свабодай выказвання”.
“Мы бачылі, што існуе мноства розных пунктаў гледжання. Вельмі цікава, што такой разнастайнасці пунктаў гледжання не было паміж біскупамі з аднаго боку і не-біскупамі з другога”, - адзначыла французская манахіня-ксаверыянка.
Яна дадала, што дні правядзення асамблеі Сінода былі адзначаны рознымі канфліктамі ў свеце, у прыватнасці вайной, якая пачалася ў Святой Зямлі.
“Мы бачым, што галоўная задача сённяшняга свету, свету, падзеленага вялікай колькасцю канфліктаў і гвалту, заключаецца ў тым, каб быць знакам адзінства, будаваць шляхі прымірэння і працаваць на карысць міру”, - адзначыла сястра Бэкар.