Пошук

Падчас перадсінадальнай экуменічнай малітвы Падчас перадсінадальнай экуменічнай малітвы   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Прадстаўнік Англіканскай Царквы пра экуменічнае чуванне

Архіепіскап Іэн Эрнэст, прадстаўнік Англіканскай Царквы ў Рыме, задаволены сінадальнымі зменамі ў Каталіцкім Касцёле. На нядаўнім малітоўным чуванні ў Ватыкане ён суправаджаў кіраўніка англікан, архіепіскапа Джасціна Уэлбі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Іерарх звярнуў увагу на даўнюю традыцыю Сінодаў у сваёй Царкве. Яны з’яўляюцца магчымасцю для кансультацый, хаця, як прызнаўся, у многіх частках свету асамблеі сталі “месцам, дзе мы спрачаемся паміж сабой па розных пытаннях”.

Таму вельмі важна, што Сіноду па сінадальнасці папярэднічала малітоўнае чуванне. Малітва стварае атмасферу, у якой слова адносіны – гэта не нешта пустое, яно нагадвае аб стаўленні адно да аднаго як да членаў адной сям’і, - падкрэсліў англіканскі архіепіскап.

Ён лічыць, што рашэнне Пантыфіка запрасіць усіх хрысціянам быць разам на плошчы святога Пятра напярэдадні рыма-каталіцкага Сінода “дае надзею свету”. “Гэтая ініцыятыва вынікае з сумеснага шляху. Падарожжа, у якім адзін успрымае другога як брата і сястру ў Хрысце, падарожжа, якое сапраўды замацоўвае той факт, што наш хрост яднае нас. Такім чынам, усе ахрышчаныя сустракаюцца на плошчы святога Пятра, каб маліцца за Касцёл”, - адзначыў Эрнэст.

Ён успрыняў папскую ініцыятыву як запрашэнне да сумеснага “пошуку лепшага свету, свету, у якім пануюць справядлівасць, згода, мір і роўнасць”.

Прадстаўнік Англіканскай супольнасці ў Рыме перакананы, што ватыканскае экуменічнае чуванне – “гэта толькі пачатак чагосьці новага”, пачатак “зусім новага падарожжа”.
 

03 кастрычніка 2023, 11:22