Арцыбіскуп Сіднэя: не звальваць усёй адказнасці на Духа Святога
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Дух Святы – гэта Дух Хрыста. Ён – Дух Айца і Сына, таму заўсёды будзе казаць толькі тое, што адпавядае аб’яўленаму нам Хрыстом у апостальскай традыцыі”, - сказаў іерарх у інтэрв'ю CNA.
Падчас цяперашняй асамблеі вялікі акцэнт робіцца на прыслухоўванні да голасу Духа Святога, і дэлегаты збіраюцца амаль штодня для “размоў у Духу” ў невялікіх групах. Гэта на сайце Сінода названа “дынамікай распазнавання ў Касцёле сінадальным”.
Аўстралійскі дамініканін патлумачыў, што калі якая-небудзь прапанова Сінода “радыкальна супярэчыць” Евангеллю і апостальскай традыцыі, “яна не зыходзіць ад Духа Святога, таму што мы не можам уявіць сітуацыі, калі Хрыстус і Дух Святы змагаюцца адзін з адным”.
Іерарх перасцярог ад таго, каб звальваць на Духа Святога ўсё: нашы меркаванні, інтарэсы, лобі і групоўкі. “Не варта прыпісваць Духу Святому ўсё, што адбываецца на Сінодзе ці дзе-небудзь у нашым жыцці. Я лічу такія паводзіны забабонамі”, - сказаў арцыбіскуп Фішэр.
Ён пагадзіўся з меркаваннем, што задача Сінода заключаецца ў тым, каб слухаць і пытацца, што Бог кажа нам і Касцёлу ў гэты час, дадаўшы, што Касцёл ужо даў карысныя “ўказальнікі” для тых сітуацый, калі мы спрабуем распазнаць Божую волю. Ён нагадаў, што ў нас ёсць багацце вучэння і разважанняў тысяч людзей, кіраваных Духам Святым, на працягу гісторыі, па розных пытаннях, і мы называем гэта дэпазітам веры.
Арцыбіскуп Фішэр сказаў EWTN News, што лічыць Сінод магчымасцю абмеркаваць больш важныя пытанні сучаснага Касцёла, напрыклад, той факт, што многія маладыя людзі існуюць цалкам без рэлігіі. “У рэшце рэшт, гэта значна больш актуальна, значна больш сур'ёзна, чым павярхоўная дыскусія аб тым, ці 0,001 працэнта жанчын могуць быць дыяканэсамі”, - лічыць дамініканін. Ён выказаў жаданне, каб Сінод спрыяў вяртанню веры людзям, якія павінны яе мець, але па нейкіх прычынах адышлі ад яе.
Сінод па сінадальнасці, на думку іерарха, цалкам адрозніваецца ад папярэдніх Сінодаў Біскупаў, на якіх ён прысутнічаў. Арцыбіскуп Фішэр апісаў сёлетні працэс як эксперымент, дадаўшы, што ён выклікае сур'ёзныя тэалагічныя пытанні, бо Сінод Біскупаў, заснаваны Паўлам VI пасля Другога Ватыканскага Сабору, павінен быў стаць выразам біскупскай калегіяльнасці, падобна групе апосталаў, якія сабраліся разам, і асабліва іх агульнага вучэння. Сінод па сінадальнасці – гэта хутчэй “гібрыд” Сінода Біскупаў і іншых тыпаў касцёльных асамблей і сустрэч.
Працягваецца дыскусія аб долі свецкіх вернікаў, асабліва жанчын, удзельнікаў Сінода па сінадальнасці. “Жанчын больш, чым калі-небудзь раней, і тым не менш працягваецца крытыка, што жанчын па-ранейшаму недастаткова”, - адзначыў аўстралійскі іерарх.
Ён лічыць адной з пераваг Сінода па сінадальнасці шырокі спектр католікаў з усяго свету, якія сабраліся ў Ватыкане. “За апошнія два тыдні я сустрэўся з большай колькасцю біскупаў, чым, магчыма, за апошнія 20 гадоў свайго служэння”, - адзначыў іерарх, які з 2014 года ўзначальвае Сіднэйскую архідыяцэзію.