Кардынал Грэк: Сінод дапаможа Касцёлу стаць эфектыўным у місіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв’ю тэлеканалу EWTN ён падкрэсліў, што Касцёл мае патрэбу ў Сінодзе, каб стаць больш эфектыўным у сваёй місіі, у тым ліку распаўсюджваючы разуменне таго, што ўсе ахрышчаныя пакліканы да евангелізацыі.
Іерарх не хавае таго, што сінадальны працэс нясе ў сабе пэўныя цяжкасці і пагрозы, таму крытычныя заўвагі зразумелыя і каштоўныя. Ён кажа, што ў яго існуе некаторая заклапочанасць. Хаця б таму, што сінадальная магчымасць выказвання, дадзеная кожнаму, можа здацца імкненнем да дэмакратыі ў Касцёле. Аднак, як падкрэсліў мальтыйскі кардынал, “Касцёл не з’яўляецца дэмакратыяй – ён іерархічны”.
У інтэрв’ю Грэк таксама спаслаўся на спрэчны нямецкі праект. “Сінадальны шлях у Германіі выклікаў негатыўныя пачуцці ва ўсім Касцёле. Я быў у Афрыцы і ў Бангкоку, і, слухаючы людзей, бачыў, што яны разгубленыя і заклапочаныя тым, што там адбываецца. Важна памятаць пра тое, што гэта не Сінод. Яны называюць яго Сінадальным шляхам, але ў кананічным сэнсе гэта не дыяцэзіяльны і не нацыянальны Сінод; прынамсі, наколькі я разумею. Гэта два розных касцёльных досведы. Біскупы не з’яўляюцца незалежнымі – яны ўваходзяць у Калегію біскупаў, і ёсць пытанні, якія належаць усяму Касцёлу і павінны вырашацца ўсімі біскупамі разам і з Пятром. Прапановы, прадстаўленыя ў Германіі ў рамках Сінадальнага шляху, не будуць уключаны ў сінадальны працэс, таму што гэта два розныя досведы”, - адзначыў генеральны сакратар Сінода Біскупаў.
Ён выказаў перакананне ў тым, што “момант ласкі”, якім з’яўляецца сінадальны працэс, “дапаможа нам стаць больш духоўнымі”. “Вятры мірскога могуць дзьмуць і ў Касцёле. Таму мы павінны быць пільнымі. У нас няма гатовай праграмы – праграма ўжо складзена, але ў Евангеллі, дадзеным Езусам Хрыстом, таму мы павінны слухаць Божае слова і разглядаць яго ў святле традыцыі і Настаўніцтва Касцёла. Мы не адкрываем новую старонку ў Касцёле, як быццам нічога раней не было. Трэба больш часу прысвячаць малітве, трэба ўмець кленчыць перад прысутным Панам”, - заявіў ватыканскі іерарх.