Завяршылася Сінадальная асамблея афрыканскага кантынента
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэчу склікаў Сімпозіум Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM). У ёй прынялі ўдзел 9 кардыналаў, 29 біскупаў, 41 святар і больш за 120 свецкіх з афрыканскіх краін. Сярод гасцей былі прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій, уключаючы мусульман і пратэстантаў.
Як і на іншых кантынентальных асамблеях, прадстаўнікі Касцёла ў Афрыцы падрыхтавалі выніковы дакумент, які направяць у Рым. Удзельнікі пацвердзілі сваю волю да рэформ заклікам да стварэння больш раўнапраўнай эклезіяльнай супольнасці.
"Мы абавязваемся пераадолець жорсткія іерархічныя структуры, нездаровыя аўтакратычныя тэндэнцыі, шкодны клерыкалізм і ізаляцыянісцкі індывідуалізм", - гаворыцца ў выніковым дакуменце. На думку яго аўтараў, гэта прывядзе да з'яўлення "новых відаў лідарства", як сярод духавенства, так і сярод свецкіх вернікаў.
На Асамблеі абмеркавалі пытанні разводаў і паўторных шлюбаў, шматжонства і гомасексуалізму, залучэння жанчын і моладзі ў касцёльнае жыццё. Дэлегаты асудзілі паўсюдную беднасць і канфлікты ў рэгіёне.
Гэта была шостая з сямі кантынентальных сустрэч у рамках Сінадальнага працэсу ў Каталіцкім Касцёле. Раней кантынентальныя Асамблеі прайшлі ў Еўропе, на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Амерыцы, Акіяніі і Азіі. Апошняя – ў Паўднёвай Амерыцы – пачалася 7 сакавіка 2023 года ў Калумбіі.