Генеральны рэлятар Сінода заклікаў Каталіцкі Касцёл да перамен
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Асабліва моладзь адварочваецца ад Касцёла”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Люксембурга. Яны бачаць у Касцёле не рашэнне, а частку праблемы. У той жа час многія маладыя людзі адчуваюць страх, напрыклад, перад вайной ва Украіне, змяненнем клімату, пандэміяй або тым, што ім давядзецца жыць без кахання. “Іх няма ў нашых касцёлах. Мы павінны ісці да іх”, - заўважыў іерарх.
Пра гэта кардынал гаварыў падчас прэзентацыі кнігі Iniziare dai molti (Пачаць з многіх), тэалагічныя разважанні якой павінны дапамагчы пераадолець дуалізм паміж духоўным і свецкім светам у рамках ватыканскай ініцыятывы Выратаваць братэрства.
Пра Сінод на тэму сінадальнасці кардынал Олерыш таксама шырока выказаўся ў інтэрв'ю харвацкай каталіцкай газеце Glas Koncila. Ён нагадаў аб прысутнасці "элемента Тэзэ" ў пачатку сінадальнай Асамблеі ў Рыме гэтай восенню. Францішак будзе маліцца разам з праваслаўным Патрыярхам Канстанцінопальскім і іншымі хрысціянскімі лідарамі – паводле яго слоў, гэта першы выпадак у гісторыі, "калі Наступнік Пятра просіць хрысціян іншых канфесій маліцца за Сінод Каталіцкага Касцёла".
Іерарх заклікаў да “дыягностыкі таго, што пайшло не так” у праекце рэформы ў Касцёле ў Германіі пад назвай Сінадальны шлях. Калі Касцёл “занадта нацыянальны”, як у Германіі, яму пагражае небяспека "закруціцца вакол сябе" і ўпасці ў чорна-белае мысленне.
Кардынал Олерыш звярнуў увагу на тое, што ў суседніх краінах, такіх як Люксембург, Швейцарыя і Аўстрыя, гэта не так, “хоць там людзі думаюць гэтак жа, як немцы”. Сустрэчы і дыскусіі становяцца сінодам у сапраўдным сэнсе толькі ў тым выпадку, “калі датычацца шляху – у адваротным выпадку яны ператвараюцца ў вайну канцэпцый”.
“Папа ў сваёй ідэі Сінода меў на ўвазе нешта іншае, чым арганізаванае аб’яднанне католікаў, нечым падобнае да прафсаюзаў”, - адзначыў арцыбіскуп Люксембурга. На яго думку, вельмі важна, каб рэформа Касцёла “вырасла з асновы”, прычым вырашальным фактарам для Францішка з’яўляецца “бачанне народу Божага”, спазнанае ім у Паўднёвай Амерыцы. Святы Айцец таксама раскрытыкаваў той факт, што Касцёл у Германіі занадта заклапочаны сабой і ўласнымі структурамі, пры гэтым амаль не даючы месца для “місіі”.
Кардынал Олерыш лічыць, што Касцёл павінен даць жанчынам больш прасторы ў прыняцці рашэнняў і ў душпастырскай адказнасці. "Грамадства без жанчын не з'яўляецца здаровым. Мужчыны прывыкаюць да гэтага і выпрацоўваюць пэўнае негатыўнае стаўленне да жанчын. Гэта – клерыкалізм", - адзначыў ён.
Аднак пытанне пасвячэнне жанчын, на думку люксембургскага іерарха, павінна абмяркоўвацца толькі пасля таго, як на практыцы будзе рэалізаваны большы душпастырскі ўдзел жанчын, а таксама пасля таго, як Праваслаўныя Цэрквы дадуць на гэта згоду.