Пошук

Падчас кантынентальнай сінадальнай асамблеі ў Празе Падчас кантынентальнай сінадальнай асамблеі ў Празе 

Сінадальны сход у Празе выпрацаваў заключныя рэкамендацыі

У Празе былі апублікаваны выніковыя рэкамендацыі кантынентальнай сінадальнай асамблеі, якая праходзіць у сталіцы Чэхіі з 5 лютага 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дакумент стаў вынікам чатырохдзённай працы і дыскусій дэлегатаў, якія прадстаўляюць 39 еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый. Поўны выніковы дакумент будзе апублікаваны пазней.

Удзельнікі асамблеі выказалі жаданне працягваць выпрацоўку сінадальнага стылю, які палічылі больш чым метадам – стылем жыцця Касцёла, супольнага распазнання і чытання знакаў часу. Яны перакананыя ў тым, што такія сустрэчы павінны адбывацца рэгулярна. На іх важна разглядзець тэмы, звязаныя з суправаджэннем духоўна параненых, лідарствам моладзі і жанчын, адкрытасці да маргіналізаваных людзей, місіянерствам.

Удзельнікі еўрапейскай асамблеі прапанавалі некалькі прыярытэтных тэм для разгляду на агульным пасяджэння Сінода Біскупаў у кастрычніку 2023 года: паглыбіць практыку, тэалогію і герменеўтыку сінадальнасці; заняцца Касцёлам, які служыць, і на гэтай падставе паразважаць аб харызме і паслугах, а таксама аб адносінах паміж імі; пашукаць формы сінадальнага ажыццяўлення ўлады; удакладніць крытэрыі распазнавання ў сінадальным працэсе і тое, на якім узроўні: мясцовым ці паўсюдным, павінны прымацца рашэнні; прыняць канкрэтныя і адважныя рашэнні адносна ролі жанчын у Касцёле і іх большага ўдзелу на ўсіх узроўнях, у тым ліку ў працэсах прыняцця рашэнняў; разгледзець напружанні, якія ўзнікаюць вакол літургіі, каб пераасэнсаваць Эўхарыстыю як крыніцу сінадальнай камуніі; паклапаціцца аб сінадальнай падрыхтоўцы ўсяго Божага народа; аднавіць жывое пачуццё місіі, пераадолець разрыў паміж верай і культурай, каб несці Евангелле людзям, знайсці мову, здольную выказаць традыцыю і абнаўленне, і перш за ўсё ісці да людзей, а не гаварыць пра іх і да іх.

Рэкамендацыі кантынентальнай сінадальнай асамблеі завяршаюцца заклікам любіць Касцёл.
 

10 лютага 2023, 11:31