Акіянія: Сінод спрыяе развіццю “ціхаакіянскай тэалогіі”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У паведамленні Канферэнцыі Біскупаў Аўстраліі гаворыцца, што “характэрны голас Акіяніі” будзе працягваць гучаць у сінадальным працэсе.
Адпаведны дакумент Федэрацыі каталіцкіх біскупскіх канферэнцый Акіяніі (FCBCO) будзе апублікаваны ў бліжэйшыя тыдні. Яго мэта – развіццё "ціхаакіянскай тэалогіі".
Падсумоўваючы дэбаты, аўстралійскі арцыбіскуп Марк Кольрыдж падкрэсліў, што дзякуючы кансультацыям паступова з’яўляецца “голас Ціхага акіяна”.
Удзельнікі змаглі “прапанаваць біскупам смак тэалогіі, якая паходзіць з рэгіёна, карысны для супольных разважанняў”, - адзначыла тэолаг Аўстралійскага каталіцкага ўніверсітэта Сэндзі Корніш. Яна прыняла ўдзел у абмеркаваннях групы тэолагаў з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Фіджы і Папуа-Новай Гвінеі.
Соанэ Мафі з Тонга звярнуў увагу на развіццё дадатковых тэалагічных магчымасцей. На яго думку, трэба зрабіць больш, каб заахвоціць свецкіх да вывучэння тэалогіі і займацца тэалогіяй з пункту гледжання Ціхаакіянскага рэгіёну.
Дэбаты, якія праходзілі пад дэвізам: Захаваць акіян, каб выратаваць Маці-Зямлю, былі прысвечаны пытанням аховы навакольнага асяроддзя і змены клімату.
З ватыканскага боку ў працы Кантынентальнай асамблеі Акіяніі прыняў удзел прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны і сястра Наталі Бэкар, падсакратар у Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў.