Кардыналы сабраліся на новай сесіі канклава
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Шлях з Дома святой Марты да Апостальскага палаца складае каля пяцісот метраў. Ён пралягае праз невялікую плошчу перад часовай рэзідэнцыяй кардыналаў і маляўнічую вуліцу дэле Фандамента (via delle Fondamenta), якая абгінае абсіду Базілікі святога Пятра. Некаторыя іерархі прайшлі гэты шлях пешшу, іншых даставілі спецыяльнымі мікрааўтобусамі. Адны ішлі ў адзіноце, другія – невялікімі групамі, абмяркоўваючы розныя пытанні.
Перш чым увайсці ў Сікстынскую капэлу, кардыналы сабраліся на малітву ў іншай капліцы Апостальскага палаца – Паўлінскай, названай у гонар Папы Паўла ІІІ. Гэта невялікая святыня з’яўляецца адным з самых “намоленых” месцаў у Ватыкане – яна была збудавана для асабістай малітвы Пантыфіка і захавання Найсвяцейшага Сакрамэнта.
Пасля Ютрані і святой Імшы ўдзельнікі канклава перайшлі ў Сікстынскую капэлу, каб прыступіць да чарговага галасавання. Калі новы Папа будзе выбраны падчас першага ранішняга туру, то белы дым над Ватыканам з’явіцца пасля 10.30 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Калі не – кардыналы правядуць другі тур, вынікі якога будуць абвешчаны белым або чорным дымам пасля 12.00. Магчыма, што галасаванне будзе праходзіць даўжэй, чым запланавана, як гэта адбылося ўвечары ў сераду, 7 мая.
Паводле раскладу канклава, калі Папа не будзе выбраны ў першай палове дня, пасля паўдня кардыналы вернуцца ў Дом святой Марты на абед і адпачынак. У Сікстынскай капэле яны зноў збяруцца каля 16.30. У другой палове дня таксама запланаваны два туры галасавання, вынікі якіх стануць вядомыя пасля 17.30 у выпадку абрання Папы або пасля 19.00 – незалежна ад выніку.