Пошук

Вернікі на Плошчы Святога Пятра ў чаканні дыму з коміна Сікстынскай капэлы Вернікі на Плошчы Святога Пятра ў чаканні дыму з коміна Сікстынскай капэлы  (ANSA)

Fumata bianca: як свет даведваецца пра выбар новага Папы

Традыцыя белага дыму з коміна Сікстынскай капэлы, які абвяшчае свету пра выбар новага Папы Рымскага, мае адносна кароткую гісторыю, якая налічвае крыху больш за 100 гадоў, хоць з'яўляецца адным з самых распазнавальных сімвалаў канклава.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Fumata bianca – "белы дым" – выраз, які ўвайшоў у італьянскую мову як сінонім паспяховага вырашэння нейкай справы ці заканчэння чакання. Аднак гэты знакаміты сімвал папскіх выбараў з'явіўся толькі ў пачатку XX стагоддзя.

Белы дым – сімвал выбару

Упершыню белы дым абвясціў выбар Папы 3 верасня 1914 года, калі кардыналы выбралі кардынала Джакама дэла К'еза, які прыняў імя Бэнэдыкта XV. Да гэтага моманту паспяховы выбар Папы азначаў... адсутнасць дыму, паколькі бюлетэні з паспяховага галасавання проста архівіравалі, а не спальвалі.

Гісторыя чорнага дыму значна даўжэйшая. У папярэднія стагоддзі, незалежна ад таго, ці адбываўся канклаў у Ватыкане, ці ў рымскім Квірынале (калі існавала Касцельная дзяржава), чорны дым з коміна быў знакам таго, што вакантнасць Апостальскай Сталіцы працягваецца.

Сакрэт дыму

Папа, якога выберуць на сёлетнім канклаве, стане толькі дзясятым, чыё абранне абвесціць свету белы дым з Сікстынскай капэлы. Пасля заканчэння галасавання выкарыстоўваюцца дзве печкі – адна для спальвання бюлетэняў, другая для вытворчасці дыму. У гэты момант дадаюцца спецыяльныя хімічныя рэчывы, каб колер дыму быў выразным і адназначным.

Галасаванне і чаканне

У першы дзень канклава адбываецца адно, вячэрняе галасаванне. Пасля яго вернікі на Плошчы Святога Пятра з нецярпеннем выглядаюць дым. Калі з’яўляецца чорным, то ў наступныя тры дні праводзяцца па два галасаванні раніцай і па два пасля абеду. Калі і яны не прынясуць вырашэння, наступае дзень перапынку, прадугледжаны для малітвы і размоў паміж электарамі.

Бюлетэні для галасавання спальваюцца пасля кожнай пары скрутыніяў, за выключэннем выпадкаў, калі Папу абіраюць ужо ў першым галасаванні. За гісторыю канклаваў неаднаразова ўзнікалі сітуацыі, калі колер дыму было цяжка дакладна вызначыць – у такіх выпадках прынята гаварыць пра "няпэўны дым" ці, як кажуць італьянцы, "fumata incerta".

Ад дыму да званоў: як удасканальвалася сістэма абвяшчэння выбару Папы

Самы вядомы выпадак адбыўся ў 1958 годзе, калі спачатку на працягу доўгіх хвілін з коміна выходзіў белы дым. Натоўп радаваўся, СМІ перадавалі навіну, калі раптам дым змяніў колер на чорны. Для пазбягання непаразуменняў было вырашана, што выбар Папы абвесціць не толькі белы дым, але і суправаджаючы яго звон званоў на Базіліцы Святога Пятра.

Падчас сёлетняга канклава дым можна чакаць каля 10.00 і 12.00, а таксама каля 16.00 і 19.30.

Такім чынам, калі свет убачыць белы дым з коміна Сікстынскай капэлы, гэта будзе азначаць, што Каталіцкі Касцёл атрымаў новага Пантыфіка.
 

08 мая 2025, 09:29