Брыфінг пасля выбрання Папы: сімвалізм імя новага Пантыфіка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News.
Падчас брыфінгу, які адбыўся пасля выбрання новага Папы, Матэа Бруні пракаментаваў першыя словы Льва XIV і значэнне абранага ім імя.
"Мы пачулі першыя словы Папы, якія нагадваюць першыя словы Езуса пасля Уваскрасення. Словы міру, раззброеныя і раззбройваючыя. Папа сказаў нам пра дыялог", - адзначыў журналіст, падкрэсліваючы духоўную пераемнасць у першым пасланні новага Пантыфіка.
Кіраўнік Залы Друку таксама дадаў, што благаслаўленне Льва XIV перагукаецца з пасланнем Францішка, якое прагучала ў Велікодную нядзелю: "Бог любіць нас, любіць усіх вас, і зло не пераможа".
Асаблівую ўвагу Бруні надаў тлумачэнню выбару імя Леў XIV, падкрэсліваючы яго глыбокае сімвалічнае значэнне ў кантэксце сучаснасці.
"Леў XIV – выразны зварот да Папы “Rerum novarum”, да вытокаў сучаснага сацыяльнага вучэння Касцёла. Відавочна, гэта невыпадковая спасылка на людзей, на іх працу, асабліва ў часы штучнага інтэлекту", - патлумачыў Бруні.
Як вынікае з каментарыяў кіраўніка Залы Друку Святога Пасада, першыя словы і выбар імя новага Пантыфіка ўказваюць на ягоную духоўную і інтэлектуальную скіраванасць, звязаную з традыцыяй сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, заснаваную Папам Львом XIII у энцыкліцы "Rerum novarum", але ў кантэксце сучасных выклікаў, уключаючы эпоху штучнага інтэлекту.