Ватыканскі аўтапарк папоўніцца новымі электрамабілямі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Губернатар Дзяржавы Ватыкан паведаміў аб пастаўцы кампаніяй “Exelentia (Italian Mobility Factory)” чатырох электрычных гольф-караў “Melex 343”, прызначаных для жандармерыі і пажарнай службы, а таксама дзесяці мініфургонаў маркі “Goupil”, якія будуць выкарыстоўвацца тэхнічнымі службамі. Кампанія таксама падорыць два электрамабіля, спецыяльна адаптаваныя для патрэб Папы.
Урачыстая цырымонія перадачы першых чатырох электракараў адбудзецца 16 красавіка 2025 года на маляўнічай плошчы перад Губернатаратам, паміж Ватыканскімі садамі і Базілікай Святога Пятра.
Пастаўкі дазваляюць працягваць рэалізацыю праграмы “Экалагічнае навяртанне 2030”, распачатай у лістападзе 2023 года. Яна прадугледжвае перавод усяго ватыканскага аўтапарка на транспартныя сродкі з нулявымі выкідамі да 2030 года.
З 2014 года ў Ватыкане рэалізуецца праграма абмежавання транспартнага руху. Паркавацца на ўнутранай тэрыторыі могуць толькі тыя супрацоўнікі, якія пражываюць на адлегласці больш за два кіламетры ад Ватыкана. З 2018 года ўсталёўваюцца зарадныя станцыі для электрамабіляў, а аўтапарк рэгулярна папаўняецца гібрыднымі і электрычнымі транспартнымі сродкамі. З 2019 года на ватыканскіх запраўках прадаецца больш экалагічнае дызельнае паліва стандарту "Diesel+", якое дазваляе скараціць расход паліва на 4 працэнты, а шкодныя выкіды — на 40 працэнтаў.