Пошук

Скульптура "Быць гасціннымі" на Плошчы Святога Пятра Скульптура "Быць гасціннымі" на Плошчы Святога Пятра 

Ватыкан: новая бронзавая скульптура на Плошчы Святога Пятра

15 красавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане была ўстаноўлена скульптура пад назвай “Be Welcoming” (Быць гасціннымі). Яе аўтар – канадзец Цімаці Шмальц.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Бронзавая статуя – выява беднага чалавека, які сядзіць на лаўцы з кіем і працягнутай рукой. Калі абысці яе ззаду, можна ўбачыць, што незнаёмец мае анёльскія крылы.

Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, якая ад імя Святога Айца клапоціцца пра бедных, паведаміла, што гэты твор мастацтва з’яўляецца візуальнай інтэрпрэтацыяй радка з Паслання да Габрэяў: “Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў” (13,2).

Скульптура размешчана ва ўнутраным перыметры плошчы, недалёка ад душавых кабін і амбулаторыі “Mater Misericordiae”, створаных для бедных пад каланадай Плошчы Святога Пятра па ініцыятыве Папы Францішка.

Гэта другая праца Цімаці Шмальца, размешчаная на галоўнай ватыканскай плошчы. З 2022 года на яе паўднёвым баку знаходзіцца вялікая бронзавая скульптура “Angels Unawares” (Непазнаныя анёлы), якую канадзец прысвяціў мігрантам і бежанцам.
 

15 красавіка 2025, 13:56