Ватыкан: цырымонія асвячэнне статуі Марыі Містычнай Ружы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Цырымонію асвячэння невялікай статуі Маці Божай, ахвяраванай Папам Францішкам і ўстаноўленай у нішы каля ватыканскай Плошчы Фантана Сакрамэнта, узначаліў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння.
8 ліпеня 2024 года за подпісам іерарха быў апублікаваны ліст, у якім абвяшчалася станоўчае меркаванне адносна аб’яўленняў Марыі, якая прадстаўляла сябе пад тытуламі “Містычная Ружа” і “Маці Касцёла”. Надзвычайныя падзеі адбываліся ў італьянскай мясцовасці Фантанэле, размешчанай на поўдзень ад Мантык’яры ў правінцыі Брэшыя.
Сведкай аб’яўленняў была П’ерына Джылі, якая нарадзілася ў сялянскай сям’і, працавала хатняй прыслугай і медсястрой у бальніцы і вяла вельмі просты лад жыцця да сваёй смерці ў 1991 годзе ва ўзросце 80 гадоў. Свой містычны вопыт яна апісала ў дзённіках, прааналізаваных у Ватыкане.
Дыкастэрыя веравучэння “не знайшла ў паведамленнях, распаўсюджаных П’ерынай Джылі, элементаў, якія наўпрост супярэчаць вучэнню Каталіцкага Касцёла аб веры і маралі”, - гаварылася ў лісце, падпісаным кардыналам Фернандэсам. Гэта станоўчае рашэнне адкрыла шлях для распаўсюджвання ўшанавання Марыі Містычнай Ружы і прысвячэння ёй касцёлаў і іншых святых месцаў.