Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©R. Gino Santa Maria - stock.adobe.com)

Святы Пасад: дэкрэт аб інтэнцыях, звязаных з цэлебрацыяй Імшы

Дыкастэрыя па справах духавенства выдала Дэкрэт аб інтэнцыях і ахвяраваннях, звязаных з цэлебрацыяй Імшы. Уводзяцца больш дакладныя правілы для забеспячэння празрыстасці, справядлівасці і павагі да волі вернікаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Новыя нормы, зацверджаныя Папам Францішкам у Пальмовую нядзелю, 13 красавіка 2025 года, уступяць у сілу ў Велікодную нядзелю, 20 красавіка 2025 года. Дэкрэт быў апублікаваны за подпісам кардынала Лазаруса Ю Хён-сіка, прэфекта Дыкастэрыі па справах духавенства.

Дакумент, які грунтуецца на кананічным праве Касцёла і Дэкрэце “Mos iugiter” ад 1991 года, выдадзены для вырашэння шэрагу практычных пытанняў, у прыватнасці тых, якія датычаць “складковых” Імшаў або Імшаў з “калектыўнымі” інтэнцыямі.

Падкрэсліваецца, што святар можа цэлебраць Імшу ў некалькіх інтэнцыях, атрыманых ад розных ахвярадаўцаў, толькі калі ахвярадаўцы паінфармаваны аб гэтым і далі сваю згоду. У сувязі з гэтым удакладняецца, што адсутнасць “выразна выказанай згоды” ахвярадаўцаў “ніколі не можа быць меркаванай”, і больш за тое, “пры яе адсутнасці, мяркуецца, што яна не была дадзена”.

У дэкрэце адзначаецца, што хоць правядзенне “складковых” Імшаў дазваляецца, яны не павінны праводзіцца штодня. Існаванне такой практыкі павінна таксама быць свабодным ад камерцыялізацыі.

Дакумент нагадвае кананічныя нормы, згодна з якімі “служыцель не павінен нічога прасіць за ўдзяленне сакрамэнтаў, акрамя ахвяраванняў, устаноўленых кампетэнтнай уладай, праяўляючы пастаянны клопат аб тым, каб патрабуючыя не былі пазбаўлены сакрамэнтальнай дапамогі праз сваю беднасць”.

Святы Пасад заклікае святароў цэлебраваць Імшы для бедных, нават не атрымаўшы ахвяраванняў. Таксама нагадваецца, што біскуп, беручы пад увагу сітуацыю мясцовага Касцёла і яго духавенства, можа накіраваць частку ахвяраванняў патрабуючым парафіям або іншым дыяцэзіям, асабліва на місійных тэрыторыях.

Дэкрэт асобна падкрэслівае, што ардынарыі і іншыя пастыры Касцёла павінны забяспечыць разуменне вернікамі розніцы паміж Імшой у інтэнцыі і простым успамінам падчас літургіі. Адзначаецца, што прасіць або прымаць ахвяраванні за просты ўспамін падчас цэлебрацыі – недапушчальна. Там, дзе такая ганебная практыка распаўсюджана, кампетэнтныя касцельныя ўлады не павінны выключаць прымянення дысцыплінарных або нават карных мер для яе выкаранення. Святы Пасад заклікае ардынарыяў сачыць за рэалізацыяй нормаў і забяспечыць дакладны ўлік інтэнцый і ахвяраванняў.

“Дыкастэрыя па справах духавенства праз дзесяць гадоў пасля ўступлення ў сілу дадзеных нормаў правядзе даследаванне, прысвечанае практыцы і дзеючым правілам у гэтай сферы, з мэтай верыфікацыі іх прымянення і магчымай актуалізацыі”, - гаворыцца ў дэкрэце.
 

14 красавіка 2025, 10:29