Пальмовая нядзеля ў Ватыкане: несці крыж тых, хто пакутуе
Марыя Валодзіна - Vatican News
У Пальмовую нядзелю на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане прайшла ўрачыстая літургія і працэсія духавенства і вернікаў з пальмамі і аліўкавымі галінкамі ў руках.
Кардынал Сандры, які цэлебраваў Святую Імшу пры алтары, прачытаў гамілію, падрыхтаваную Святым Айцом, у якой адзначыў, што пачатак Вялікага тыдня рыхтуе нас да святкавання Мукі, Смерці і Уваскрасення Пана.
Іерарх звярнуў увагу на незнаёмца, імя якога раптоўна з'яўляецца ў Евангеллі: Сымон Кірэнэец. Гэта выпадковы мінак, які вяртаўся з поля ў той час, калі Езуса вялі на Галготу. Жаўнеры спынілі яго, “усклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам”. (Лк 23, 26)
Кардынал Сандры заклікаў вернікаў паразважаць над учынкам Сымона, паспрабаваць зазірнуць у яго сэрца, прайсці па яго слядах побач з Езусам. Яго ўчынак поўны супярэчнасцяў. З аднаго боку, Кірэнэйца прымусілі несці крыж: ён дапамагае Езусу не па ўласнай волі, а з прымусу. З другога боку, ён прымае асабісты ўдзел у Муцы Пана. Крыж Езуса становіцца крыжам Сымона. Але не таго Сымона, якога звалі Пятром, што абяцаў заўсёды ісці за Настаўнікам. Той Сымон знік у ноч здрады, пасля таго як сказаў: “Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць” (Лк 22, 33). За Езусам з крыжам ідзе не вучань, а Кірэнэец. А між тым Настаўнік ясна казаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (Лк 9, 23). Сымон з Галілеі кляўся ў вернасці, але адступіў. Сымон Кірэнэец ідзе, хоць і нічога не кажа: паміж ім і Езусам не адбываецца ніякай размовы, не гучыць ніводнае слова. Паміж імі толькі драўляны крыж, - нагадаў іерарх.
Мы не можам зазірнуць у сэрца гэтага чалавека, каб зразумець, што ён адчуваў: гнеў ці спачуванне, смутак ці раздражненне? Мы не ведаем гэтага, але памятаючы, што Сымон зрабіў для Езуса, узгадаем таксама, што Езус зрабіў для Сымона, як і для кожнага з нас. Адкупіў свет. Панёс крыж грахоў усяго чалавецтва па волі Айца (пар. Лк 22, 42), каб збавіць усіх, бо ніхто не чужы, ніхто не незнаёмы, - зазначыў кардынал Сандры.
Сымон Кірэнэец вучыць нас, што “Езус выходзіць насустрач усім, у любых абставінах. Калі мы бачым натоўпы людзей, якіх нянавісць і гвалт штурхаюць на шлях Галготы, памятайма, што Бог пераўтварае гэты шлях у месца адкуплення, бо Ён сам прайшоў па ім, аддаўшы за нас сваё жыццё. Колькі кірэнэйцаў і сёння нясуць крыж Хрыста! Ці заўважаем мы іх? Ці бачым Пана ў іх тварах, знявечаных вайной і галечай?” - запытаў іерарх, дадаючы, што змагацца са страшнай несправядлівасцю зла, несучы крыж Езуса, ніколі не бывае дарэмным, наадварот, гэта “самы канкрэтны спосаб удзелу ў Яго збаўчай любові”.
“Мука Езуса пераўтвараецца ў спачуванне, калі мы працягваем руку таму, хто больш не можа ісці, калі падымаем таго, хто ўпаў, калі абдымаем таго, хто ў адчаі”, - сказаў іерарх, заклікаючы вернікаў вырашыць, як несці крыж у Вялікі тыдзень: не толькі на шыі, але і ў сэрцы. Не толькі свой уласны, але і крыж бліжняга, нават калі гэты чалавек зусім незнаёмы.
“Падрыхтуемся да Вялікадня Пана, становячыся кірэнэйцамі адзін для аднаго”, - завяршыў гамілію кардынал Сандры.