Пошук

Базіліка Святой Сям'і ў Барселоне Базіліка Святой Сям'і ў Барселоне 

Пантыфік ухваліў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Антоніа Гаўдзі

Францішак дазволіў Дыкастэрыі па справах кананізацыі абнародаваць новыя дэкрэты, звязаныя з кананізацыйнымі і беатыфікацыйнымі працэсамі. Адзін з іх датычыць славутага архітэктара Антоніа Гаўдзі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Рашэнне аб прызнанні гераічнасці цнотаў Антоніа Гаўдзі было абвешчана ў Ватыкане 14 красавіка 2024 года пасля аўдыенцыі, на якой Святы Айцец прыняў кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі.

Працэс беатыфікацыі “Божага архітэктара” распачаўся ў Каталіцкім Касцёле ў 1998 годзе. Гэта было звязана з глыбокай верай Антоніа Гаўдзі, якая выражалася ў яго штодзённых рашэннях і творчай дзейнасці. Галоўную справу свайго жыцця – будаўніцтва Базілікі Святой Сям’і ў Барселоне – іспанец лічыў місіяй, якую атрымаў звыш. Гаўдзі меў глыбокую хрысціянскую духоўнасць, рэгулярна ўдзельнічаў у сакрамэнтах, чэрпаў натхненне ў веры, а сваёй працай імкнуўся стварыць гімн хвалы Богу.

Падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэла Сэмерара Пантыфік таксама ўхваліў некалькі іншых дэкрэтаў. У першую чаргу – аб прызнанні цуду праз заступніцтва Элісвы ад Найсвяцейшай Панны (свецкае імя – Элісва Вакаіл, 1831–1913), індыйскай законніцы, заснавальніцы кангрэгацыі Трэцяга ордэна кармэлітак босых, якая цяпер носіць назву Сёстры кармэліткі тэрэзіянкі.

Таксама быў абнародаваны дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва італьянскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Назарэна Ланчоці (1940–2001), забітага з нянавісці да веры ў бразільскім Сан-Паўлу.

Яшчэ тры дэкрэты датычацца прызнання гераічнасці цнотаў: бельгійскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза П’ер-Жозэфа Трыеста (1760–1836), заснавальніка кангрэгацый Братоў міласэрнай любові, Сёстраў міласэрнай любові Езуса і Марыі, Сёстраў Дзяцінства Езуса; а таксама двух італьянскіх дыяцэзіяльных святароў – ксяндзоў Анджэла Бугеці (1877–1935) і Агасціна Казаліна (1928–1988).
 

14 красавіка 2025, 13:13