Нунцый ва Украіне пасля трагедыі ў Сумах: няхай змілуецца над намі Бог
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Як вядома, сёлета мы святкуем Вялікдзень разам – і па грыгарыянскім, і па юліянскім календары. Сёння ў нас была Пальмовая нядзеля, і ва ўкраінскім горадзе Сумы людзі, верагодна розных канфесій, ішлі маліцца ў свае храмы. У выніку ракетнага абстрэлу больш за 30 чалавек загінулі менавіта ў той момант, калі ішлі на малітву, бо ўдар быў нанесены па цэнтры горада. Так пачаўся Вялікі тыдзень у розных гарадах Украіны. Не застаецца нічога іншага, як прасіць аб абароне Пана, бо, здаецца, ніводная іншая сіла не здольная абараніць мір і жыццё. Няхай змілуецца над намі Пан”, - сказаў у каментары для “Vatican News” арцыбіскуп Кульбокас.
Паводле даных мясцовых уладаў, у выніку ракетнага абстрэлу загінулі 34 чалавекі, сярод якіх – двое дзяцей. Паведамляецца таксама, што 119 мірных жыхароў атрымалі раненні, у тым ліку 15 дзяцей.
Абстрэл балістычнымі ракетамі цэнтра Сумаў расійская армія здзейсніла праз дзевяць дзён пасля таго, як увечары 4 красавіка 2025 года нанесла ракетны ўдар па густанаселеным жылым мікрараёне ў цэнтры Крывога Рога. У выніку загінулі 20 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей, а таксама 75 чалавек атрымалі раненні, сярод іх – 12 дзяцей.