На Вялікдзень Плошчу Святога Пятра ўпрыгожаць тысячы кветак
Марыя Валодзіна - Vatican News
У Пальмовую нядзелю, 13 красавіка 2025 года, на плошчы перад Саборам Святога Пятра будуць раздаваць 150 пальмавых галін і 200 тысяч аліўкавых галінак, якія ахвяруе італьянская асацыяцыя “Гарады алею”.
Не будзе недахопу і ў традыцыйных “пальмурэлах” – доўгіх, па-майстэрску сплеценых пальмавых лістоў, якія вырабляюцца ўручную ў італьянскім рэгіёне Лігурыя. Сёлета іх прывязуць у Ватыкан з Сан-Рэма.
Каля абеліска і статуй святых Пятра і Паўла будуць усталяваныя вялікія аліўкавыя дрэвы, якія прадаставіць кветкавая кампанія “Flora Olanda” з Рыма.
Фларыстычным афармленнем Базілікі Святога Пятра для велікоднай вігіліі зоймецца ватыканская Служба садоў і навакольнага асяроддзя ў супрацоўніцтве са славенскімі выкладчыкамі фларыстыкі.
У Вялікдзень, 20 красавіка, Плошча Святога Пятра ператворыцца ў квітнеючы сад з тысячамі раслін і кветак, якія прыбудуць з Нідэрландаў. Рознакаляровыя кампазіцыі будуць створаны галандскімі і ватыканскімі фларыстамі.