Кардынал Паралін: папская дыпламатыя служыць дыялогу і міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы пракаментаваў у інтэрв’ю “Vatican News” асноўныя аспекты рэформы Папскай касцельнай акадэміі – старажытнай установы, якая рыхтуе дыпламатычных прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы.
“З дапамогай рэформы Папа Францішак хоча абнавіць падыход дыпламатыі Святога Пасаду да выклікаў сучаснага свету, адказваючы на патрэбы ўсё больш глабалізаванага і ўзаемазвязанага дыпламатычнага асяроддзя. Рэформа накіравана на ўмацаванне сувязі паміж навуковымі даследаваннямі і акадэмічнай падрыхтоўкай будучых папскіх дыпламатаў з канкрэтнымі выклікамі, з якімі ім давядзецца сутыкацца падчас місій за мяжой”, - сказаў ён.
Кардынал Паралін адзначыў, што нунцыі пакліканы не толькі ўдзельнічаць у міжнародных дэбатах, “але таксама інтэрпрэтаваць і прапаноўваць, згодна з хрысціянскім бачаннем Касцёла, рашэнні, якія змогуць дапамагчы ў будаванні больш справядлівага і мірнага свету”. Ён нагадаў, што Святы Айцец падкрэслівае таксама важнасць “пастырскага, місіянерскага і паўсюднага характару іх служэння”.
“Менавіта гэты дух евангелізацыйнага служэння падштурхнуў Папу да рэарганізацыі фармацыйнага шляху гэтых святароў з намерам умацаваць іх падрыхтоўку і адаптаваць яе да сучасных выклікаў. Гэта рашэнне азначае новы раздзел у гісторыі папскай дыпламатыі”, - сказаў іерарх.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца дадаў, што згодна з рэформай Папская касцельная акадэмія набудзе статус інстытута вышэйшай адукацыі ў галіне дыпламатычных навук, адпаведна інавацыйнай візіі, прапанаванай Апостальскай канстытуцыяй “Veritatis Gaudium”, і міжнародным стандартам у галіне ўніверсітэцкай адукацыі, у прыватнасці Балонскаму працэсу.
“Папская касцельная акадэмія цяпер будзе мець магчымасць прысвойваць навуковыя ступені ліцэнцыята (аналаг Master degree) і дактарата (PhD), забяспечваючы сваім навучэнцам фармацыю, якая будзе спалучаць прававыя, гістарычныя, паліталагічныя, эканамічныя дысцыпліны і, вядома, асаблівую кампетэнцыю ў дыпламатычных навуках”, - патлумачыў кардынал Паралін.
Іерарх падкрэсліў, што Францішак не абмяжоўваецца прапановай рэформы дыпламатычнай падрыхтоўкі, заснаванай выключна на набыцці тэарэтычных ведаў, але заклікае, каб яна адпавядала патрэбам свету, які пастаянна развіваецца.
“У хірографе Папа адзначае, што “недастаткова абмежавацца набыццём тэарэтычных ведаў – неабходна выпрацаваць метад працы і лад жыцця, якія дазволяць глыбока разумець дынаміку міжнародных адносін”. Адукацыя, такім чынам, павінна быць арыентавана на разуменне канкрэтных выклікаў, з якімі сутыкаецца ўсё больш сінадальны Касцёл. У гэтай перспектыве Папа падкрэслівае неад’емныя якасці для тых, хто пакліканы прадстаўляць Святы Пасад на міжнародных форумах: блізкасць, уважлівае слуханне, сведчанне, братэрскі падыход і дыялог. А яшчэ – мужнасць і крэатыўнасць. Гэтыя рысы павінны суправаджацца лагоднасцю і пакорай, якія складаюць сутнасць святарскай місіі. Гэтыя цноты – душа дыпламатычнай дзейнасці, накіраванай на агульнае дабро, мір і прасоўванне рэлігійнай свабоды”, - сцвердзіў кардынал-дзяржсакратар.
Кардынал Паралін адзначыў, што папскі дыпламат павінен быць не толькі экспертам у галіне перамоўнай практыкі, але і сведкам веры, які імкнецца пераадольваць культурныя, палітычныя і ідэалагічныя бар’еры, каб будаваць масты міру і салідарнасці.