Галахер: рэлігійная дыпламатыя звяртаецца да сэрцаў і розуму людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сімпозіума аб рэлігійнай дыпламатыі, арганізаванага Універсітэтам імя Шэйха Анта Дзіопа ў Дакары, сталіцы Сенегала.
Ватыканскі іерарх назваў Сенегал прыкладам “мірнага суіснавання людзей розных веравызнанняў і культурных традыцый” у свеце, які мае “адчайную патрэбу ў трывалым міры”.
Папскі дыпламат падкрэсліў, што рэлігіі не з’яўляюцца перашкодай для міру, а яго фундаментальнымі стаўпамі – яны могуць зрабіць свой уклад у мірнае суіснаванне, выходзячы далей за “бачанне дыпламатыі, абмежаванае міжурадавым абменам ці палітычнымі пагадненнямі”.
Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што рэлігійная дыпламатыя абапіраецца на этычныя і маральныя перспектывы, якія даюць рэлігійныя традыцыі, і намагаецца ўплываць на міжнародныя адносіны не праз палітычную ці ваенную моц, а праз здольнасць “кранаць сэрцы і розум людзей”.