Expo-2025: ватыканскі павільён у Японіі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Тэма Expo-2025 – “Акрэсліць грамадства будучыні для нашага жыцця”. У выставе прымуць удзел каля 160 краін і міжнародных арганізацый. Чакаецца 30 мільёнаў наведвальнікаў.
Упершыню выставачная прастора Святога Пасада размясціцца ў павільёне Італіі. Ватыканскі павільён атрымаў назву “Прыгажосць нясе надзею”, якая пераклікаецца з тэмай Святога года. Галоўным экспанатам стане шэдэўр Караваджа “Зняцце з крыжа” з калекцыі Ватыканскіх музеяў. Папа Францішак абраў гэты твор, каб перадаць пасланне надзеі.
Інаўгурацыя павільёна адбудзецца ў Пальмовую нядзелю, 13 красавіка. У ёй возьмуць удзел міністр замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Антоніа Таяні, пасол Італіі Марыё Ватані і арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Павільён Святога Пасада спалучае хрысціянскія і японскія сімвалы, такія як купал Сабора Святога Пятра і выяву ўзыходзячага сонца, а таксама элементы традыцыйнай каліграфіі сумі-э.