Пошук

Чацвёртае казанне Вялікага посту ў Ватыкане: пашыраць надзею

Пашырыць межы надзеі, каб зрабіць яе больш універсальнай, - заклікаў у сваім чацвёртым велікапосным казанні прапаведнік Папскага дома.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 красавіка 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI айцец Раберта Пазаліні прамовіў чацвёртае велікапоснае казанне на тэму: “Пашыраць надзею. Адказнасць Унебаўшэсця”.

Не паддавацца пачуццю страты

Разважаючы над евангельскім эпізодам сустрэчы Уваскрослага Езуса з Марыяй Магдаленай, айцец Пазаліні адзначыў, што жанчына замкнулася ў болі і хацела забальзамаваць не толькі цела Езуса, але і памяць пра Яго любоў, застаўшыся такім чынам у мінулым. Такая тэндэнцыя затрымліваць мінулае і не жадаць рухацца далей можа сур'ёзна раніць чалавечае сэрца і не даць яму адкрыцца на новае жыццё.

Уваскрасенне адчыняе шлях да новай надзеі

Калі Уваскрослы Хрыстус звяртаецца да Марыі Магдалены па імені, гэта становіцца пераломным момантам для яе веры – пакліканнем да новага жыцця. Гэта і ёсць тая сапраўдная перамена, якую нясе Уваскрасенне: вызваленне ад смутку і адкрытасць на новае. Унутрана абноўлены чалавек не можа заставацца ў мінулым, але павінен ісці наперад, да Айца. Уваскрасенне дазваляе пераадолець спакусу "замкнуць Бога" ў пэўным часе ці прасторы, як хацела зрабіць Магдалена, жадаючы пакласці цела Езуса ў роднай хаце, - падкрэсліў капуцын.

Вялікдзень – не рытуал

Езус жа, наадварот, заклікае Марыю Магдалену абвяшчаць Яго Уваскрасенне і распазнаваць Яго аблічча ў чалавецтве. Такім чынам, Пасха – гэта не рэлігійны культ, не ідалапаклонства, а жывое сведчанне Уваскрасення з дапамогай сувязяў і адносін паміж людзьмі, - зазначыў прапаведнік.

Глыбокі сэнс Унебаўшэсця: Хрыстус пакідае месца чалавеку

На думку айца Пазаліні, Хрыстус пакідае гісторыю для таго, каб даць чалавецтву прастору для адказнасці, каб людзі сталі жывой прысутнасцю Бога ў часе і прасторы. Ён вядзе вучняў па-за межы іх магчымасцяў, праз расчараванні і надзеі, каб яны маглі стаць па-сапраўднаму людзьмі, здольнымі на салідарнасць і братэрства.

Такім чынам, Унебаўшэсце адчыняе магчымасць прысутнасці Бога паўсюль, нават у самай простай штодзённасці. Адбываецца пераварот: Дух дзейнічае ў бачным, а цела ўваходзіць у нябачнае, бо з ушэсцем Хрыста на неба ўзносіцца і чалавецтва, якое кожны дзень сведчыць пра найвялікшую Любоў.

Прызнаваць прыгажосць і дабрыню кожнага чалавека

Пасля Унебаўшэсця жыццё на зямлі працягвалася, і задачай апосталаў было несці Добрую Навіну ўсім людзям, усім Божым стварэнням. Айцец Пазаліні заклікаў слухачоў бачыць у кожным не чалавечую істоту, аб’ект ацэнак і прэтэнзій, а менавіта стварэнне Божае, якому ўласцівыя прыгажосць і дабрыня.

Лагоднасць Езуса

Па словах капуцына, евангелізаваць – значыць не столькі рабіць дабро іншаму, колькі найперш бачыць у іншым каштоўнасць і дабро, нават калі ён крохкі ці супярэчлівы, са святлом і ценем. Гэта і ёсць лагоднасць Езуса, і адначасова выклік для Касцёла: успрымаць чалавека такім, які ён ёсць, з павагай да яго гісторыі і без паспешлівай маральнай ацэнкі.

Слуханне, гасціннасць і праніклівасць

Евангелізаваць – значыць не толькі распаўсюджваць паслання Хрыста у прасторы і часе, але і кранаць сэрца кожнага чалавека з павагай і разважлівасцю. Слуханне, гасціннасць і распазнанне дазваляюць засяродзіць увагу на гісторыі і годнасці кожнага чалавека, які чакае, не ўсведамляючы гэтага, сустрэчы з Богам, - сказаў прапаведнік.

Умець аддаляцца, застаючыся ў еднасці

Унебаўшэсце Пана дало вучням магчымасць жыць у еднасці з Ім праз дзеянне Святога Духа. Гэта дазваляе назаўжды пераадолець страх адзіноты, бо праз Уваскрасенне і Ушэсце чалавечае жыццё ператварылася ў свайго роду танец паміж зямлёй і небам. Сёння, калі нам цяжка “сыходзіць са сцэны”, Езус паказвае, як важна ўмець сысці, каб захаваць глыбокую і сапраўдную еднасць, - падкрэсліў айцец Пазаліні.

Усеагульны подых надзеі

Жыццё вечнае і яно не паддаецца абмежаванням. Відавочная адсутнасць Бога на сцэне гісторыі – гэта заклік да людзей быць жывымі сведкамі Евангелля. У гэтым найвялікшае пажаданне да Юбілею: каб свет убачыў у веры і традыцыі Касцёла нешта прыгожае і новае, здольнае выклікаць усеагульны подых надзеі, - патлумачыў айцец Пазаліні.

11 красавіка 2025, 12:56