Пошук

Бежанцы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Бежанцы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга  (AFP)

Нунцый у ДРК: заклік Папы да міру актуальны як ніколі

Святы Пасад вядзе дыпламатычную працу і мабілізуе міжнародную супольнасць, каб пакласці канец насіллю ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, - адзначыў Апостальскі нунцый у Кіншасе арцыбіскуп Міця Лескавар.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У каментары для Vatican News ватыканскі дыпламат пракаментаваў сітуацыю ў ДРК, дзе паўстанцы з групоўкі M23 захапілі Гому – найбуйнейшы горад на ўсходзе краіны. 29 студзеня 2025 года Францішак заклікаў “мясцовыя ўлады і міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для ўрэгулявання канфлікту мірнымі сродкамі”. Па словах нунцыя, гэтыя словы Святога Айца знайшлі шырокі водгук у краіне.

“Прэм’ер-міністр і некалькі біскупаў падзякавалі мне за гэтыя словы. Яны прагучалі ў вельмі складаны момант, як для ўсходняй часткі краіны, так і для сталіцы, дзе адбыліся беспарадкі”, - дадаў арцыбіскуп Лескавар.

Папскі прадстаўнік у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга расказаў, што сёння надзвычай складана даставіць гуманітарную дапамогу ў раён Гомы, які стаў эпіцэнтрам баявых дзеянняў паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі. “Нават без вайны даехаць туды вельмі складана, бо дарогі кепскія і часам непраезныя для аўтамабіляў. Дабрацца туды можна толькі на матацыкле ці пешшу”, - патлумачыў ватыканскі дыпламат.

Па словах нунцыя, цяжка ацаніць і рэальныя маштабы неабходнай дапамогі, бо яе патрабуюць прыкладна 6-7 мільёнаў унутрана перамешчаных асоб. “Патрэбы настолькі вялікія, што дапамагчы ўсім практычна немагчыма”, - сказаў ён, адзначаючы, што нягледзячы на лагістычныя цяжкасці нунцыятура намагаецца рабіць усё магчымае ў супрацоўніцтве ўстановамі Caritas, дыяцэзіямі і манаскімі супольнасцямі.

Арцыбіскуп заўважыў, што Апостальская Сталіца актыўна дзейнічае таксама на міжнародным узроўні: звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на цяжкасці краіны, вядзе працу ў рамках двухбаковай і шматбаковай дыпламатыі, у тым ліку пры ўдзеле Пастаяннага назіральніка Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку. “Мы заклікаем вярнуцца за стол перамоў, шукаць дыпламатычныя рашэнні ў дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі і пакласці канец гвалту”, - адзначыў Апостальскі нунцый.

Іерарх падкрэсліў, актуальнасць закліку Папы да прымірэння, скіраваны два гады таму падчас яго візіту ў афрыканскую краіну. “Пасланне Папы актуальнае як ніколі. Гэта заганнае кола павінна быць разарвана, але без адкрытасці на кампраміс, будзе немагчыма прыйсці да міру на гэтай зямлі, змучанай шматлікімі канфліктамі, часам выкліканымі вузкімі інтарэсамі”, - адзначыў прадстаўнік Святога Айца.
 

01 лютага 2025, 11:41