Пошук

Кардынал П'етра Паралін вітае ўдзельнікаў Сусветнага саміту па абароне правоў дзяцей Кардынал П'етра Паралін вітае ўдзельнікаў Сусветнага саміту па абароне правоў дзяцей 

Святы Пасад: любоў і абарона дзяцей – катэгарычны імператыў

Кардынал Паралін заклікаў удзельнікаў міжнароднага саміту ў Ватыкане пачуць дзіцячыя галасы супраць войнаў, гвалту і няроўнасці, падкрэсліўшы абавязак абараняць непаўналетніх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

2 лютага 2025 года ў Зале Рафаэля Ватыканскіх музеяў адбылося ўрачыстае адкрыццё саміту па правах дзяцей пад назвай: Любім і абараняем дзяцей. Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін сустрэў міжнародных лідараў, якія прыбылі ў Рым для ўдзелу ў падзеі.

Любоў і абарона дзяцей – гэта катэгарычны імператыў

"Любоў і абарона дзяцей павінны стаць катэгарычным імператывам, які павінен атрымаць аднадушную згоду і прывесці да сумеснага дзейснага абавязацельства", - падкрэсліў кардынал Паралін у сваім выступленні.

У саміце бяруць удзел лаўрэаты Нобелеўскай прэміі, прафесары, пісьменнікі, эканамісты, рэлігійныя і палітычныя дзеячы, кіраўнікі міжнародных арганізацый. На закрыцці выступіць Папа Францішак.

Дзяржсакратар нагадаў пра евангельскі заклік Езуса "захаваць чысты погляд дзяцей" і "не спакушаць іх". Ён падкрэсліў, што Касцёл працягвае гэтую місію, нягледзячы на "недахопы і слабасці некаторых сваіх членаў".

Дзеці застаюцца самымі безабароннымі ахвярамі войнаў

"Сучасная эпоха, якая характарызуецца шырокім распаўсюджваннем сродкаў масавай камунікацыі, паказвае нам рэальнасць, у якой не хапае любові і абароны самых маленькіх. Мы становімся сведкамі войнаў, якія прыносяць тысячы маленькіх і безабаронных ахвяр, а таксама трагедый з мігрантамі ў нашых морах, сярод якіх нямала дзяцей", - адзначыў кардынал.

Дзяржсакратар таксама падкрэсліў важнасць удзелу ў саміце прадстаўнікоў яўрэйскага і мусульманскага свету, што падкрэслівае ўсеагульны характар клопату пра дзяцей.

Важным аспектам саміту стала абмеркаванне права дзяцей на доступ да рэсурсаў, адукацыі, харчавання, медыцынскай дапамогі і сям'і. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі праву на вольны час.

Саміт з'яўляецца часткай падрыхтоўкі да Другога Сусветнага дня дзяцей, які пройдзе ў верасні 2026 года. Першы такі дзень быў праведзены ў Рыме ў маі 2024 года.
 

03 лютага 2025, 11:44