Арцыбіскуп Фізікела: у Юбілей многія турысты стануць пілігрымамі
Ян Глінскі
“Я перакананы, што многія турысты стануць пілігрымамі, і свет адкрые для сябе, што Касцёл жывы”, - такіх плёнаў ад распачатага Юбілейнага года чакае арцыбіскуп Рына Фізікела, якога Папа Францішак прызначыў адказным за арганізацыю і правядзенне Святога года.
Па словах прапрэфекта, юбілейны адпуст – гэта таксама напамін пілігрымам пра бязмерную любоў Бога, які прабачае і лечыць раны сэрца. “Маю надзею, што Святы год стане магчымасцю вярнуцца дадому з перакананнем, што Бог заўсёды з намі, што Ён ніколі нас не пакідае”, - дадаў ватыканскі іерарх.
З 25 снежня 2024 года на вуліцы рымскай Вія Дэла Канчыліяцыёнэ, якая вядзе да Плошчы святога Пятра, па спецыяльна адведзенай дарожцы пачалі праходзіць пілігрымы. У групах, несучы адмысловы драўляны крыж, яны пераадольваюць адмысловы 300-мятровы маршрут у бок Базылікі святога Пятра, даючы сведчанне веры для тысяч турыстаў, якія прыбываюць у гэта месца. “Для мяне самае галоўнае тое, што турыст будзе справакаваны на тое, каб пачаць задаваць сабе пытанні”, - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.
Як адзначыў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, Юбілей і звязаныя з ім мерапрыемствы, між іншым, павінны стаць заахвочваннем для свету, пагружанага ў тэхналагічную культуру, нанова адкрыць самае важнае. Па словах ватыканскага іерарха, у нашыя дні культура “моцна пазначана так званай тэхнакратычнай парадыгмай, якая непазбежна аслабляе і выцясняе з нашага жыцця тэму надзеі”.
“Тэхналогія імкнецца даць вам усё і адразу. Але перш чым спытаць, які крызіс перажывае Касцёл, варта задумацца, якім будзе чалавек наступных дзесяцігоддзяў”, - патлумачыў іерарх, адзначыўшы, што прапаведванне надзеі ў час этычнага рэлятывізму, паўсюдных войнаў і выклікаў штучнага інтэлекту з’яўляецца няпростым заданнем. Арцыбіскуп Фізікела нагадаў, што надзея мае сацыяльнае вымярэнне, а хрысціянін думае пра надзею не толькі таму, што паўсюль пануе зло: “Ён разважае аб сустрэчы з Езусам, аб адкрыцці нанова асобы Хрыста, бо Ён з’яўляецца крыніцай той надзеі, якая ніколі не згасае”.