Пошук

Краявід Амазоніі Краявід Амазоніі 

Святы Пасад: пачуць тых, хто зведаў на сабе экалагічныя бедствы

Важна пачуць сведчанне тых, хто на сваёй скуры зведаў наступствы праблем, звязаных з празмернай эксплуатацыяй прыроды, каб лепш суправаджаць іх і несці клопат і вучэнне Папы, - лічыць сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, сястра Алесандра Смерылі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У Амазоніі і ва ўсіх іншых мясцовасцях, якія знаходзяцца пад пагрозай экалагічных бедстваў, неабходна дзейнічаць так, каб прадухіляць памылкі, каб пазбягаць сур'ёзнай шкоды для прыроды і рызыкі для чалавечага жыцця. "Добра, што наша свядомасць абуджана, і ўсе мы ведаем, што кожны з нас павінен унесці свой унёсак у абарону навакольнага асяроддзя", - падкрэсліла сястра Смерылі падчас паказу дакументальнага фільма Анамэі. Захавальнікі лесу (Anamei, i guardiani della foresta) рэжысёра Алесандра Галасі, які прайшоў 6 чэрвеня ў рымскім палацы святога Калікста.

Удзел у мерапрыемстве, арганізаваным Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, прынялі тры прадстаўніцы Амазонскай касцёльнай канферэнцыі: Патрыцыя Гуалінга з Эквадора, Есіка Пат’ячы з Перу і сястра Лаўра Вікунья з Бразіліі.

“Мы павінны верыць, што кожны з нас можа нешта зрабіць”, - адзначыла сястра Смерылі, дадаючы, што свет змяніўся б, калі б усе мы ўнеслі невялікія змены ў нашы паўсядзённыя справы, паводзіны, дзеянні. Неабходна адмовіцца ад думкі, што экалагічная праблема настолькі вялікая, што мы мала што можам зрабіць. Такія думкі блакуюць і служаць адгаворкай, каб нічога не рабіць.

“Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека спрабуе рэалізаваць на практыцы тое, што Францішак напісаў у энцыкліцы Laudato si', а менавіта тое, што ўсё ўзаемазвязана і што нельга думаць аб экалагічных праблемах, не думаючы пры гэтым пра міграцыю, пра здароўе. Усё ўзаемазвязана”, - падкрэсліла прадстаўніца Святога Пасада.

07 чэрвеня 2023, 11:18