Пошук

Кардынал Паралін на прэзентацыі кнігі пра спадчыну Яна Паўла I у венецыянскім універсітэце Cà Foscari Кардынал Паралін на прэзентацыі кнігі пра спадчыну Яна Паўла I у венецыянскім універсітэце Cà Foscari 

Кардынал Паралін: пасланне Яна Паўла I застаецца прароцкім

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін прыняў удзел у прэзентацыі кнігі, прысвечанай дакументальнай спадчыны Яна Паўла I, якая прайшла 23 мая 2023 года ў венецыянскім універсітэце Cà Foscari.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кніга Вучэнне Яна Паўла I. Гісторыка-тэалагічнае даследаванне з дапамогай архіўных дакументаў (Il magistero di Giovanni Paolo I. Uno studio storico e teologico attraverso le carte d’archivio) пад рэдакцыяй Стэфаніі Фаласка і Флавіі Тудзіні выйшла ў свет у выдавецтве Viella.

У сваёй прамове да ўдзельнікаў прэзентацыі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выказаў спадзяванне на тое, што выданне будзе спрыяць правядзенню міжнародных даследаванняў і паглыбленню ведаў пра спадчыну Яна Паўла I у святле архіўных крыніц.

Кардынал Паралін узначальвае ватыканскі Фонд імя Яна Паўла I, заснаваны Францішкам 17 лютага 2020 года з мэтай захавання, адраджэння і вывучэння каштоўнай тэалагічнай, культурнай і духоўнай спадчыны Альбіна Лучані. Ён распавёў пра дзейнасць фонду на працягу трох гадоў з часу яго заснавання. Асноўнымі крокамі былі набыццё і ўпарадкаванне дакументаў прыватнага архіва Яна Паўла I, а таксама каталагізацыя і даследаванне яго асабістай бібліятэкі. Акрамя таго, 13 мая 2023 года Фонд правёў першую канферэнцыю, прысвечаную даследаванням архіўных дакументаў Яна Паўла I, якая дазволіла адкрыць істотна новыя старонкі вучэння гэтага Пантыфіка, важнасць якога, па словах іерарха, “адваротна прапарцыянальная працягласці яго кароткага пантыфікату”.

Даследаванні выявілі асноўныя прыярытэты Пантыфіка, такія як зварот да крыніц Евангелля і аднаўленне місіянерства, біскупская калегіяльнасць, касцёльнае служэнне ў беднасці, дыялог з сучаснасцю, імкненне да адзінства з хрысціянскімі цэрквамі, міжрэлігійны дыялог, імкненне да міру.

Менавіта на тэме імкнення да міру, у якасці прыкладу актуальнасці пантыфікату Яна Паўла I, спыніўся кардынал Паралін у сваёй прамове. Ён нагадаў пра шматлікія публічныя заклікі Альбіна Лучані да міру на Блізкім Усходзе, пра пасярэдніцтва Святога Пасада, якое дазволіла пазбегнуць узброенага сутыкнення паміж Аргенцінай і Чылі з-за памежнай спрэчкі ў праліве Бігля, а таксама пра падтрымку перамоваў у Кэмп-Дэвідзе, якія прывялі да заключэння мірнай дамовы паміж Егіптам і Ізраілем.

Іерарх нагадаў прароцкія словы Яна Паўла I аб тым, што “канфлікты інтарэсаў паміж дзяржавамі будуць успыхваць заўсёды, але войны ніколі не змогуць іх вырашыць. Трэба вызваліцца ад старых уяўленняў пра вайну, каб вырашыць рознагалоссі, трэба зрабіць гісторыю паваротным момантам і падрыхтаваць часы, калі любая вайна будзе забароненая”. Ён таксама казаў пра тое, што гіганцкая і жахлівая гонка ўзбраенняў уяўляе сабой “велізарную аплявуху” грамадзянам краін, якія замест дарагой зброі маглі б мець школы, шпіталі і лепшыя паслугі, а таксама менш развітым краінам, пазбаўленым неабходнай дапамогі.

Пастырскаму служэнню Яна Паўла I не было наканавана разгарнуцца з цягам часу, але для Касцёла яно заўсёды застанецца неад'емнай кропкай адліку, - заключыў свой зварот кардынал Паралін.

Папа Ян Павел I
Папа Ян Павел I
23 мая 2023, 17:02