Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас святой Імшы ў Рэшэні Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас святой Імшы ў Рэшэні 

Арцыбіскуп Галахер: вера сталее ў цяжкасцях

Пасля здабыцця свабоды і святла веры, важна бараніць сваю тоеснасць ахрышчаных людзей, не ігнаруючы і не топчучы тых, хто верыць інакш або не верыць зусім, - нагадаў албанскім католікам арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі з 17 па 21 сакавіка 2023 года знаходзіцца з афіцыйным візітам у Албаніі. Ён двойчы сустрэўся з мясцовай супольнасцю вернікаў на святых Імшах, якія цэлебраваў у Шкодэры і Рэшэні.

Падчас літургіі ў катэдральным касцёле ў горадзе Шкодэр іерарх згадаў пра выпрабаванні, якім падвяргаліся албанскія католікі ў часы панавання камуністычнай дыктатуры. У Албаніі мы з’яўляемся сведкамі веры, якая вырасла ва ўмовах варожасці. Менавіта ў цяжкасцях сталее вера, а яе сведчанне становіцца больш пераканаўчым, - падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп Галахер заўважыў, што чалавек можа адкрывацца на веру, але таксама здольны трываць у сваёй слепаце: ён можа прыдумваць апраўданні, каб не бачыць, адмаўляцца расплюшчыць вочы, сцвярджаючы, што і так усё ясна. Такая “трагічная спакуса” існавала ў часы старога рэжыму, - сказаў ватыканскі дыпламат.

“Колькі разоў у мінулым вам даводзілася мужна бараніць сваю тоеснасць дзяцей святла, гэта значыць тоеснасць ахрышчаных, але гэта заданне застаецца актуальным для кожнага з нас таксама і сёння: бараніць сваю тоеснасць ахрышчаных і жыць, як ахрышчаныя”, - сцвердзіў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, дадаючы, што для гэтага трэба быць паслухмянымі Божаму слову і сустракацца з Панам у сакрамэнтах: толькі так мы вызваляемся ад нашай слепаты і можам дасягнуць людзей, якія акружаюць нас.

Падчас святой Імшы ў катэдры горада Рэшэні арцыбіскуп Галахер нагадаў вернікам, што праз хрост яны пакліканы быць святлом у Пану і крыніцай святла для іншых людзей. “Свету, у якім здаецца бярэ перавагу насілле, канфлікты, варожасць і хлусня”, хрысціяне павінны супрацьпаставіць любоў, прыняцце, адкрытасць і прабачэнне, - падкрэсліў іерарх, дадаючы, жыць такім чынам нялёгка і часам гэта патрабуе вялікай ахвяры, падобнай на тую, якую склалі албанскія мучанікі.
 

20 сакавіка 2023, 09:31