Пошук

Ксёндз Луіджы Сабарэзэ Ксёндз Луіджы Сабарэзэ  

У Ватыкане з’явіўся ўпаўнаважаны па абароне непаўналетніх

Судовы вікарый Касцёльнага трыбунала Дзяржавы Ватыкан, 60-гадовы ксёндз Луіджы Сабарэзэ стаў Упаўнаважаным па абароне непаўналетніх у Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Яго прызначыў на пасаду 29 снежня 2022 года Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан, кардынал Маўра Гамбэці. Аб гэтым паінфармавалі ў адмысловым паведамленні ад 9 лютага 2023 года. Там адзначаецца, што стварэнне пасады звязана з motu proprio Францішка ад 26 сакавіка 2019 года на тэму абароны дзяцей і ўразлівых асоб і, у прыватнасці, Кіраўнічых прынцыпаў па гэтым пытанні для Вікарыяту Ватыкана.

Упаўнаважаны па абароне непаўналетніх мае задачу каардынаваць і правяраць дзейнасць, якая вынікае з Кіраўнічых прынцыпаў, “каб у межах Вікарыяту супольнасць заўсёды паважала і ўсведамляла правы і патрэбы непаўналетніх і гарантавала, што ўсе формы насілля або эксплуатацыі прадухіляюцца, асабліва праз дзейнасць па падрыхтоўцы душпастырскіх работнікаў”, - гаворыцца ў адмысловым паведамленні.

Акрамя таго, кожны раз, калі палічыць неабходным, упаўнаважаны “будзе праяўляць асаблівы клопат для прыняцця і суправаджэння тых, хто стаў ахвярай эксплуатацыі, сексуальнага гвалту або жорсткага абыходжання, а таксама іх сваякоў”. У гэтым яму прафесійна дапамогуць супрацоўнікі Службы суправаджэння, якой кіруюць Дырэкцыя аховы здароўя і гігіены Губернатарата і Аддзел працы Святога Пасада.

Ксёндз Луіджы Сабарэзэ, апрача выканання згаданых вышэй функцый, з’яўляецца генеральным пракурорам манаскай Кангрэгацыі Скалабрыніянаў, дэканам факультэта кананічнага права Папскага ўніверсітэта Урбаніяна, дарадцам у Дыкастэрыях па евангелізацыі і па справах Усходніх Цэркваў, таксама рэферэндарыем Найвышэйшага трыбунала Апостальскай сігнатуры.
 

10 лютага 2023, 11:07