Пошук

Спецыяльная сесія Генеральнай Асамблеі ААН Спецыяльная сесія Генеральнай Асамблеі ААН 

Святы Пасад у ААН: прыкласці ўсе намаганні для дасягнення міру

Устрымацца ад рыторыкі, накіраванай на эскалацыю канфлікту, і актывізаваць міратворчыя намаганні, - заклікаў арцыбіскуп Габрыэле Кача падчас надзвычайнай спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая прайшла 22 лютага 2023 года ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ілюзія таго, што вайна мае ваеннае рашэнне, не вядзе да міру, але да смерці, - адзначыў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН, заклікаўшы бакі “заставацца адкрытымі для дыялогу”, каб не зачыніліся адзіныя дзверы, якія вядуць да міру. У гэтай сувязі іерарх нагадаў заклік Францішка: “Няхай замаўчыць зброя і распачнуцца пошукі ўмоў для правядзення перамоў, здольных прывесці да вырашэння праблем, не навязаных сілай, але ўзгодненых, справядлівых і стабільных”.

Нялюдскасць вайны ва Украіне выстаўлена на ўсеагульны агляд: страчаныя жыцці, дзеці-сіроты, сем'і ў жалобе, бацькі, што хаваюць сыноў і дачок. Асабліва заганнай, на думку іерарха, з'яўляецца “тактыка, якая разглядае салдат як расходны матэрыял, а не як людзей з недатыкальнай годнасцю”.

Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў пра абавязацельства ўсіх дзяржаў, згодна з міжнародным гуманітарным правам, “устрымлівацца ад эвакуацыі дзяцей на замежную тэрыторыю без важкай медыцынскай прычыны і пісьмовай згоды адказных за іх асоб”. Святы Пасад настойвае на важнасці ўз'яднання сем'яў і заклікае ўсе дзяржавы заўсёды дзейнічаць у найлепшых інтарэсах дзіцяці. “Дзеці ніколі не павінны станавіцца пешкамі ў вайне або выкарыстоўвацца для палітычнай прапаганды”, - адзначыў дыпламат.

Арцыбіскуп Кача заявіў, што любыя ваенныя дзеянні, накіраваныя на знішчэнне цэлых гарадоў з іх насельніцтвам, з'яўляюцца “злачынствам супраць Бога і чалавека” і заслугоўваюць рашучага асуджэння. Ён выказаў сваю ўдзячнасць тым урадам, арганізацыям і прыватным асобам, якія даюць прытулак, харчаванне і аказваюць медыцынскую дапамогу перамешчаным асобам на тэрыторыі Украіны і ў суседніх краінах.

Глава ватыканскай дэлегацыі нагадаў, што наступствы вайны распаўсюджваюцца далёка за межы Украіны, выклікаючы энергетычны, харчовы і фінансавы крызісы, якія асабліва закранаюць самыя бедныя краіны свету. Ён прывітаў рэалізацыю ініцыятывы "Чарнаморскае зерне" і высока ацаніў ролю Генеральнага сакратара ААН і Турцыі ў гэтым пагадненні.

Іерарх назваў абсурднай рызыку ядзернай катастрофы, выкліканую вайной ва Украіне. Святы Пасад не можа не асуждаць любую рыторыку, якая пагражае прымяненнем ядзернай зброі, як маральна агідную, улічваючы яе “разбуральныя наступствы для ўсяго чалавецтва”, - зазначыў ён, выказваючыся ў падтрымку намаганняў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па стварэнні ахоўнай зоны вакол Запарожскай атамнай электрастанцыі.

Напрыканцы прамовы Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на неабходнасць інстытуцыйнай рэформы ААН і ўсёй шматбаковай сістэмы з улікам прынцыпа суверэннай роўнасці ўсіх дзяржаў. Ён заклікаў устрымацца ад любой рыторыкі або дзеянняў, накіраваных на эскалацыю вайны, і “прыкласці ўсе намаганні, каб пакласці канец пакутам украінскага народа і ўсіх тых, хто так ці інакш закрануты гэтым жорсткім канфліктам”.

23 лютага 2023, 14:06