Пошук

Паўднёвы Судан чакае Папу Паўднёвы Судан чакае Папу 

Папскі візіт у Паўднёвы Судан нагадае ўладам аб міры

Святы Пасад спадзяецца, што апостальскае падарожжа Францішка ў Паўднёвы Судан дазволіць уладам гэтай краіны пацвердзіць сваю прыхільнасць міру, - заявіў 31 студзеня 2023 года на пасяджэнні Камісіі па мірабудаўніцтву ў Нью-Ёрку арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што Святы Пасад даўно жадае шматпакутнаму народу Паўднёвага Судана новай эры міру і росквіту, актыўна працуючы ў падтрымку нацыянальнага прымірэння. Па прапанове архіепіскапа Кентерберыйскага Джасціна Уэлбі, Францішак арганізаваў сустрэчу для грамадзянскіх і рэлігійных уладаў Паўднёвага Судана, якая прайшла ў красавіку 2019 года ў Ватыкане. Падчас сустрэчы Папа нагадаў лідарам, што “мір магчымы” і заклікаў іх узяць на сябе адказнасць за мір як “фундаментальную ўмову для забеспячэння правоў кожнага чалавека і цэласнага развіцця ўсяго народа”.

Прадстаўнік Святога Пасада таксама нагадаў пра візіт у Паўднёвы Судан кардынала П'етра Параліна, які адбыўся ў ліпені 2022 года. Падчас візіту Паралін сустракаўся з палітычнымі лідарамі, супрацоўнікамі ААН і перамешчанымі асобамі, запэўніўшы іх у блізкасці Францішка.

Праз некалькі дзён Папа сустрэнецца з кіраўніцтвам Паўднёвага Судана ў Джубе, каб нагадаць ім аб абавязацельстве будаваць мір з дапамогай дыялогу і прабачэння. Акрамя таго, ён сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і перамешчанымі асобамі, а таксама прыме ўдзел у экуменічнай малітве. Святы Пасад спадзяецца, што гэтая экуменічная мірная пілігрымка дазволіць уладам пацвердзіць сваю прыхільнасць міру, - лічыць арцыбіскуп Кача.

У той час, калі робяцца спробы перакласці віну за розныя канфлікты нашай чалавечай сям'і на рэлігію, выпадак Паўднёвага Судана паказвае, што “хрысціянства – гэта мірная сіла, паколькі заахвочвае да навяртання і праяўлення цнотаў”. Гэтая сіла ўзмацняецца, калі хрысціяне дзейнічаюць сумесна, дэманструючы, што розныя рэлігійныя супольнасці могуць аб'ядноўвацца ў любові, нягледзячы на адрозненні. Намаганні Савета Цэркваў Паўднёвага Судана, які клапоціцца аб бедных, “унеслі значны ўклад у жыццё ўсяго народа Паўднёвага Судана”, у дадатак да гуманітарнай дзейнасці і працы ў галіне развіцця ААН і яе дзяржаў-членаў, - зазначыў арцыбіскуп Кача.

Дыпламат прызнаў, што “мірны працэс у Паўднёвым Судане па-ранейшаму сутыкаецца з цяжкасцямі, у тым ліку і з унутрыэтнічным канфліктам, які пагаршаецца змяненнем клімату”. Святы Пасад спадзяецца, што грамадзянскія ўлады Паўднёвага Судана паскораць намаганні па спрыянню празрыстасці, прасоўванню дэмакратычных нормаў і вяршэнства закона, а таксама па забеспячэнню таго, каб даходы ад багатых прыродных рэсурсаў Паўднёвага Судана ішлі на задавальненне асноўных патрэб усіх грамадзян і паляпшэнне інфраструктуры, неабходнай для поўнага раскрыцця чалавечага і эканамічнага патэнцыяла нацыі.

Нарэшце, Святы Пасад заклікаў урад краіны спрыяць міру і прымірэнню, а таксама правесці выбары, якія даўно адкладваюцца. Дзякуючы падобным намаганням, улады Паўднёвага Судана змогуць рэалізаваць “гарачае імкненне свайго народа да справядлівасці, прымірэння і міру”, - адзначыў арцыбіскуп Кача.

01 лютага 2023, 15:57