Пошук

Дастаўка гуманітарнай дапамогі ў Турцыю. Ілюстрацыйнае фота Дастаўка гуманітарнай дапамогі ў Турцыю. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Краеўскі: Папа неадкладна дапамог Сірыі і Турцыі

У Евангеллі ёсць толькі сёння, заўтра няпэўнае. Падобна і з дапамогай: калі дапамагаем зараз, то знаходзімся ў самым цэнтры Евангелля, калі ж адкладваем, то шмат людзей гіне. Так кардынал Конрад Краеўскі апісаў пільную дапамогу Папы пацярпелым ад землятрусаў у Сірыі і Турцыі.

Ян Глінскі

Як адзначыў Апостальскі элемазінарый, ужо на наступны дзень пасля трагедыі Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, свайго роду “хуткая дапамога”, пералічыла фінансавую дапамогу на рахунак Апостальскай нунцыятуры ў Дамаску, якая будзе каардынаваць яе размеркаванне на тэрыторыі Сірыі. З прычыны эмбарга, накладзенага раней на краіну, іншая форма дапамогі, акрамя дыпламатычных каналаў, была немагчыма.

Для Турцыі Апостальская элемазінарыя накіравала дапамогу праз мора – караблём з Неапаля да Іскендэруна. Рэчы былі дастаўлены на сірыйска-турэцкую мяжу, дзе знаходзяцца лагеры для бежанцаў.

Кардынал Краеўскі асабіста адвёз у Неапаль звыш 10 тысяч адзінак тэрмаадзення. “Мы адчулі неверагодную салідарнасць, таксама ў порце Неапаля, дзе нам удалося пераадолець усе бюракратычныя праблемы за пяць хвілін, што часам займае тыдзень ці два, – адзначыў іерарх. – За некалькі хвілін я змог заехаць у порт, і мы пагрузілі ўсё ўручную непасрэдна на карабель. Арганізацыя, якая ўжо працуе ў Сірыі і Турцыі, паабяцала нам, што ўсе прадукты, усё, што мы даслалі, будзе непасрэдна раздадзена людзям, якія апынуліся там у лагеры, якія застаюцца на вуліцы, якія сапраўды церпяць”.
 

18 лютага 2023, 08:47