Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: не прызвычайвацца да вайны

Пра прынцыпы дыпламатычнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы і пакліканне каталіцкіх журналістаў нагадаў кардынал П’етра Паралін падчас свайго візіту ў Францыю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы наведаў Лурд, дзе ўручыў Прэмію імя Жака Амэля, устаноўленую французскай Федэрацыяй каталіцкіх СМІ. Сёлета ўзнагарода была прысуджана Крыстофу Шалону, журналісту штотыднёвіка Le Pèlerin, за рэпартаж пра айца П’ера-Луіджы Макалі, італьянскага місіянера, які правёў два гады ў палоне ў джыхадзістаў у Малі.

Кардынал звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі з прамовай, у якой распавёў пра некаторыя прынцыпы дыпламатыі Святога Пасаду. У першую чаргу яна спрыяе прымірэнню на аснове дыялогу і пошуку справядлівага рашэння. Другі прынцып – праўда, для якой не ўласціва фальсіфікацыя навін і інфармацыі дзеля ўласнай карысці. Затым іерарх назваў справядлівасць, якая азначае павагу да годнасці і правоў бліжніх; салідарнасць, якая не дазваляе пакідаць ззаду нікога; і, нарэшце, свабоду – імкненне паасобных людзей і цэлых народаў быць самімі сабой.

Апостальская Сталіца дзейнічае на міжнароднай арэне “не для таго, каб гарантаваць нейкі мір, які б успрымаўся выключна як адсутнасць вайны, але каб падтрымліваць ідэю міру як плёну справядлівых адносін, павагі да міжнародных нормаў, абароны асноўных правоў чалавека, пачынаючы з правоў самых бедных і ўразлівых”, - нагадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Дзяржсакратар перасцярог перад небяспекай прызвычаення да жахлівых вобразаў, якія прыходзяць з вайны. “Мы амаль перастаем звяртаць увагу на навіны (...) аб сотнях забойчых нападаў кожны дзень, аб дажджы разбуральных ракет – бо разумнай зброі не існуе, – і аб шматлікіх ахвярах сярод мірнага насельніцтва, аб дзецях, што засталіся пад руінамі, аб забітых салдатах, аб удовах і сіротах, аб перасяленцах”, - заўважыў іерарх.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што палітыка, фінансы, эканоміка і зброевая прамысловасць не павінны квітнець, “праліваючы кроў або даводзячы да голаду цэлыя народы”. Людзі прагнуць “міру, а не вайны; хлеба, а не зброі; клопату, а не агрэсіі; справядлівасці, а не эканамічнай эксплуатацыі; павагі да сапраўдных каштоўнасцяў, а не дыктатуры адной думкі; шчырасці, а не крывадушнасці; празрыстасці, а не карупцыі; чысціні аднаўляльных крыніц энергіі для развіцця, а не ядзернай зброі, якая пагражае магчымасцям будучыні нашага супольнага дома”, - сказаў ён.

Падчас святой Імшы, якую ватыканскі іерарх узначаліў 26 студзеня 2023 года ў марыйным санктуарыі ў Лурдзе, ён нагадаў, што каталіцкія журналісты павінны дбаць пра свае блізкія стасункі з Езусам Хрыстом, а таксама вывучаць і перадаваць каталіцкую веру, хрысціянскае вучэнне і мудрасць, жывучы імі ў штодзённасці. Кардынал Паралін заклікаў быць сведкамі Хрыста, для чаго трэба ўмацоўваць прывязанасць да Яго і наследаваць Яго ў якасці жыццёвага прыкладу.
 

28 студзеня 2023, 09:53